Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване прайшла маніфэстацыя з патрабаваньнем разблякаваць Лачынскі калідор


Затрыманьне аднаго з удзельнікаў акцыі пратэсту ў Ерэване, 8 жніўня 2023
Затрыманьне аднаго з удзельнікаў акцыі пратэсту ў Ерэване, 8 жніўня 2023

Паліцыя ў Ерэване затрымала 14 чалавек на мітынгу каля ўраду Армэніі.

Пратэстоўцы патрабавалі разблякаваць Лачынскі калідор, адзіную дарогу, якая злучае кантраляваную армянамі частку Нагорнага Карабаху з Армэніяй. Як паведамляе армянская служба Радыё Свабода, затрыманьні пачаліся пасьля таго, як пратэстоўцы перакрылі вуліцы каля будынку ўраду.

Армянскі бок сьцьвярджае, што Лачынскі калідор перакрылі азэрбайджанскія вайскоўцы, якія перашкаджаюць дастаўцы гуманітарнай дапамогі жыхарам Карабаху.

Арганізаваў акцыю былы вайсковец Саркіс Пагасьян. Паводле яго, калі ўлады адмовяцца разблякаваць Лачынскі калідор, удзельнікі акцыі будуць прасіць выдаць ім зброю, каб самастойна зьняць блякаду.

7 жніўня ААН зьвярнулася да Баку з просьбай зьняць блякаду Лачынскага калідору. У сваёй заяве арганізацыя ўказала на недахоп у Карабаху прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці. Аднак Азэрбайджан назваў заяву ААН неаб’ектыўнай. Міністэрства замежных справаў краіны заявіла, што Армэнія пастаўляла ў рэгіён зброю і боепрыпасы праз Лачынскі калідор. У Баку падкрэсьлілі, што азэрбайджанскі бок стварыў усе ўмовы для пропуску жыхароў.

Згодна зь міжнародным правам, тэрыторыя Карабаху ўваходзіць у склад Азэрбайджану. Насельніцтва вобласьці ў асноўным складаюць этнічныя армяне. З пачатку 1990-х Баку не кантраляваў большую частку рэгіёну. Прадстаўнікі армянскай грамады абвясьцілі незалежную рэспубліку, якую не прызнала ніводная дзяржава, у тым ліку і Армэнія.

У выніку кароткачасовай вайны восеньню 2020 году Азэрбайджан і Армэнія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі пагадненьне аб спыненьні ваенных дзеяньняў. Згодна з пагадненьнем, якое выклікала пратэсты апазыцыі ў Ерэване, Баку вярнуў пад свой кантроль значную частку тэрыторыяў Карабаху і прылеглых раёнаў Азэрбайджану, якія армянскія войскі занялі яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. У рэгіёне разьмясьцілі расейскія міратворчыя сілы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG