Кабінэт міністраў Украіны ўнёс зьмены ў раней ухваленае рашэньне аб дэнансацыі трох пагадненьняў зь Беларусьсю ў галіне адукацыі.
У прыватнасьці, словы «дэнансацыю пагадненьняў» замянілі на «спыненьне дзеяньня міжнародных пагадненьняў». Аналягічныя зьмены і ў рашэньнях, паводле якіх пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ўрад Украіны дэнансаваў шэраг пагадненьняў з Расеяй.
Свабода запытала ўкраінскага юрыста, што гэта азначае і ці дазваляюць такія зьмены меркаваць, што ствараюцца падставы для аднаўленьня дзеяньня міжнародных дакумэнтаў пасьля завяршэньня вайны.
«Дэнансаваць ці спыніць дзеяньне? У міжнародным праве валявое рашэньне аднаго сувэрэна аб намеры больш ня быць зьвязаным міжнародным пагадненьнем, бокам якога ён зьяўляецца, можа называцца па-рознаму: дэнансацыя, выхад з пагадненьня, спыненьне дзеяньня. Але ўсе гэтыя паняцьці азначаюць у прынцыпе адно і тое самае», – сказаў Свабодзе дарадца, адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Раман Працышын.
Юрыст дадаў, што нават назва артыкулу 56 Венскай канвэнцыі 1969 году аб праве міжнародных пагадненьняў зьмяшчае адразу тры тэрміны: «дэнансацыя пагадненьня або выхад з пагадненьня, якое ня мае палажэньняў пра яго спыненьне, дэнансацыю або выхад зь яго».
«Калі адзін з бакоў выходзіць, спыняе ці дэнансуе двухбаковае міжнароднае пагадненьне, то такое пагадненьне спыняе сваё дзеяньне, бо ў ім застаецца толькі другі бок», — патлумачыў Раман Працышын.
Паводле яго, пагадненьні зь Беларусьсю ў галіне адукацыі не прадугледжвалі нормы аб дэпазытарыі, у якога захоўваецца арыгінал дакумэнту і якому ўдзельнікі павінны накіроўваць паведамленьне аб дэнансацыі (спыненьні дзеяньня) пагадненьня.
«Ніводнае з дэнансаваных пагадненьняў ня мае ўмоў аб дэпазытарыі, але зьмяшчае палажэньне аб спыненьні шляхам інфармаваньня аднаго боку іншага», – адзначыў юрыст.
Раман Працышын дадаў, што зьмена фармулёўкі не азначае, што пасьля завяршэньня вайны дзеяньне спыненых дакумэнтаў можна будзе аднавіць. «Давядзецца дамаўляцца наноў», — адзначыў юрыст.
Урад Украіны 9 красавіка 2022 году ўхваліў рашэньне аб дэнансацыі трох дакумэнтаў, падпісаных зь Беларусьсю ў галіне адукацыі: аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьняў (падпісалі 6 лютага 1998 году ў Менску), аб супрацы ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі (падпісалі 16 траўня 2000 году ў Менску) і аб супрацы ў галіне навукі і тэхналёгіяў (17 сьнежня 1992 году ў Кіеве).
24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі адмаўляе непасрэдны ўдзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, але расейскае войска актыўна выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Цягам 2022 году і пачатку 2023 году Ўкраіна дэнансавала (выйшла або спыніла дзеяньне) больш за 30 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах, у тым ліку:
- аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
- аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
- аб паветраных зносінах;
- аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
- аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году,
- аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
- аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
- аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
- аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
- аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
- аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
- аб супрацы ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй;
- аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
- аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгічў;
- аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- міжведамаснага пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў;
- аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.
Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.