Пра гэта ў камэнтары «Укрінформ» сказаў прадстаўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў.
«Пра ракеты з тэрыторыі Беларусі — верагодна, гэта быў электронны пуск або імітацыя пуску, паколькі на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя расейскія войскі, сілы і сродкі для рознага кшталту правакацыяў, каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны», — сказаў ён.
Прадстаўнік украінскай выведкі патлумачыў, як расейцы маглі зьвярнуцца да імітацыйнага пуску ракет.
«Фізычна яго магло і ня быць, але ўсё магло быць зроблена так, быццам пускі адбываліся з тэрыторыі Беларусі. Інфармацыя цяпер правяраецца», — дадаў Андрэй Юсаў.
Як удакладніў 6 жніўня сьпікер Паветраных сіл УСУ Юры Ігнат у этэры ўкраінскага нацыянальнага тэлемаратону, «магчыма, быў пуск „Кінжалаў“ з раёну Тамбова, але пралёт мог быць праз тэрыторыю Беларусі». Паводле яго, гэтая інфармацыя пакуль удакладняецца.
«Але быў заўважаны пралёт паветраных цэляў менавіта празь Беларусь. Гэта ўжо ня першы раз, таму нічога дзіўнага няма», — адзначыў Юры Ігнат.
Увечары 5 жніўня падчас паветранай трывогі, абвешчанай па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, Паветраныя сілы Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што запускі некалькіх ракет па Ўкраіне ажыцьцявілі з тэрыторыі Беларусі.
Пасьля гэтага камандзір палку Каліноўскага з пазыўным Кіт, які ваюе ва Ўкраіне, заявіў: «Паводле інфармацыі, якой мы дакладна валодаем, ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося. Гэта чарговая спроба Расеі ўцягнуць рэжым Лукашэнкі ў поўнамаштабную вайну».
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» за ўвесь дзень, 5 жніўня 2023 году, не зафіксаваў пускаў ракет паветранага і наземнага базаваньня з тэрыторыі Беларусі. Больш за тое, адзначае праект, «каля 19:00 не было ўзьлётаў самалётаў, якія патэнцыйна маглі б запусьціць ракету, і не было зафіксавана ўезду самалётаў у зону патэнцыйнага пуску ракет».
«Пасьля паведамленьня пра нібыта „пуск ракеты з тэрыторыі Беларусі“ мы атрымалі дастатковую колькасьць абвяржэньняў з найбольш імаверных месцаў пуску», — гаворыцца ў паведамленьні.
- Пра тое, што Ўкраіну абстрэльваюць ракетамі з тэрыторыі Беларусі, кіраўніцтва Ўзброеных сіл Украіны расказала ў першы ж дзень вайны, 24 лютага. «З тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выпушчаныя чатыры балістычныя ракеты ў паўднёва-заходнім напрамку», — гаварылася ў паведамленьні галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага.
- Паводле падлікаў маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», за час вайны зь беларускай тэрыторыі па ўкраінскіх гарадах выпусьцілі сама меней 721 ракету.
- Пасьля адводу расейскіх войскаў з поўначы Ўкраіны ракетныя ўдары зь Беларусі ненадоўга спыніліся, потым яны адбываліся толькі зрэдчас.
- Апошняя ракетная атака з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне адбылася 6 кастрычніка 2022 году, сьцьвярджае «Беларускі Гаюн».