У першай палове дня 2 жніўня ў памяшканьні Беларускага моладзевага хабу ў цэнтры Варшавы, на пляцы Канстытуцыі, мянялі замкі. Гэта адбывалася пры ўдзеле паліцыі. Ініцыятар — былы кіраўнік і заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба.
«Ніякай сэнсацыі тут няма»
«Згодна з афіцыйным дзяржаўным польскім рэестрам я зьяўляюся старшынём Моладзевага хабу. Зьмена адбылася ня вельмі даўно, але ў дзяржаўным рэестры ўсё зацьверджана. Усё ў адпаведнасьці з польскім заканадаўствам, таму няма ніякай сэнсацыі тут», — сказаў Свабодзе Бульба.
Ён сьцьвярджае, што прасіў кіраўніка Беларускага моладзевага хабу Аляксандра Лапко вырашыць пытаньне «па-людзку», без залучэньня паліцыі, але той адмовіўся.
«Мы памянялі замкі, бо не дачакаліся ніякай рэакцыі ад Лапко. Я ня ўпэўнены, што з старой каманды нехта застанецца пры працы. У выніках аўдыту да іх будзе пытаньняў «вышэй даху».
Сяргей Бульба заяўляе, што «цяпер „Хаб“ стане месцам для ўсіх беларусаў, а ня толькі для абраных сяброў».
«Падаў заяву ў паліцыю аб падробленым подпісе»
Аляксандар Лапко, які да нядаўняга часу быў кіраўніком Беларускага моладзевага хабу, называе гэтыя падзеі «рэйдэрскім захопам».
«Рэйдэрскі захоп адбыўся пры дапамозе некаторых чальцоў назіральнай рады Асацыяцыі „Беларускі моладзевы хаб“. Гаворка пра Андрэя Ракевіча і Анастасію Баравікову. Быў парушаны рэглямэнт працы „Хабу“ і ў Асацыяцыю не былі прынятыя новыя чальцы, якія працуюць для беларусаў. Затое былі прынятыя зусім іншыя людзі, якіх мы ня ведаем, і яны зьмянілі кіраўніцтва. І цяпер у дзяржаўным рэестры кіраўніком значыцца Сяргей Бульба», — кажа Лапко.
Аляксандар Лапко сьцьвярджае, што падчас падачы дакумэнтаў у польскія дзяржаўныя органы быў падроблены ягоны подпіс, цяпер ён падаў заяву ў паліцыю.
«Я бачыў Сяргея Бульбу мо тры разы, зь іх ён два разы заходзіў у „Хаб“. Здаецца, што людзі разам зь ім прадстаўляюць „Форум дэмакратычных сілаў“ Карач і Цапкалы. Хутчэй за ўсё мэта — ударыць па беларускіх НДА за мяжой і зрабіць гэта падчас канфэрэнцыі „Новай Беларусі“, якая будзе адбывацца 6 жніўня ў Варшаве. Гэтая група бандытаў дзейнічае мэтадамі з 90-х, спрабуе ўсё адціснуць».
Як так атрымалася, што ў дзяржаўных органах Бульба ўжо значыцца кіраўніком Беларускага моладзевага хабу? Аляксандар Лапко тлумачыць:
«Ініцыятыва „Беларускі моладзевы хаб“ утварылася ў 2020 годзе. Я, Стася Гліньнік і Ганна Канеўская былі сузаснавальнікамі. У Андрэя Ракевіча ж было некалькі бізнэсаў у Польшчы, а таксама Асацыяцыя „Дом Эўропы і Азіі“, якую ён прапанаваў нам, каб не засноўваць новую арганізацыю і дзейнічаць адразу. Мы не хацелі губляць час і пагадзіліся на такую прапанову, каб не займацца бюракратыяй, потым мы зьмянілі назву. Мы са Стасяй увайшлі ў назіральную раду. Калі я стаў кіраўніком, то выйшаў з назіральнай рады, а новы ніхто не ўвайшоў, таму ў іх і атрымалася большасьць. Гэтыя людзі ня ўдзельнічалі ў жыцьці „Хабу“, а толькі прымалі справаздачы раз на год», — кажа Аляксандар.
«Беларускі моладзевы хаб» — прастора ў Варшаве пад адрасам пляц Канстытуцыі, 6. Там адбываецца вялікая колькасьць імпрэзаў, сэмінараў, дзейнічае каворкінг для журналістаў.