Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі: 25 украінскіх дронаў спрабавалі атакаваць аб’екты ў Крыме. Украіна заявіла пра зьбіцьцё 4 расейскіх дронаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што ў ноч на нядзелю 30 ліпеня расейскія вайскоўцы спынілі спробу ўкраінскага нападу ў анэксаваным Крыме з выкарыстаньнем 25 бесьпілётнікаў.

У паведамленьні расейскага абароннага ведамства сьцьвярджаецца, што 16 дронаў зьнішчылі агнём сродкаў СПА, яшчэ 9 — падавілі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, і яны нібыта пацярпелі крушэньне ў акваторыі Чорнага мора і мыса Тарханкут, заяўляюць у Маскве. Паводле ведамства, пацярпелых і разбурэньняў у выніку няма.

Камандаваньне Паветраных сіл Украіны паведаміла пра налёт у ноч на 30 ліпеня 4 расейскіх дронаў «Шахед» іранскай вытворчасьці на Херсонскую і Днепрапятроўскую вобласьці. Усе яны былі зьбітыя, сьцьвярджаюць ва Ўкраіне.

Улады ўкраінскіх рэгіёнаў інфармуюць пра наступствы абстрэлаў сваіх абласьцей расейскімі войскамі. Запароскую вобласьць за апошні дзень абстралялі больш як 70 разоў, удары зазналі 20 населеных пунктаў, заявіў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Юры Малашка. Паводле ягоных зьвестак, двое мясцовых жыхароў загінулі, яшчэ двое — атрымалі раненьні. Урон нанесены больш як 30 жылым дамах і абʼектам грамадзянскай інфраструктуры.

У Херсонскай вобласьці ў выніку абстрэлаў параненыя два чалавекі, паведаміў кіраўнік рэгіёну Аляксандар Пракудзін. Ён адзначае, што расейскія снарады патрапілі ў жылыя кварталы шэрагу населеных пунктаў, у прыватнасьці, па тэрыторыі завода ў Херсоне. «За мінулыя суткі супернік зьдзейсьніў 69 абстрэлаў, выпусьціўшы 313 снарадаў зь мінамётаў, артылерыі, „Градаў“, танкаў, авіяцыі і бесьпілётнікаў», — напісаў Пракудзін у сваім тэлеграм-канале.

Таксама ўначы працягваліся абстрэлы Харкаўскай вобласьці. Кіраўнік мясцовай адміністрацыі Алег Сінягубаў напісаў, што ёсьць пашкоджаньні прыватных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў. Пацярпелых сярод цывільнага насельніцтва няма.

Радыё Свабода ня можа апэратыўна пацьвердзіць дакладнасьць падобнай інфармацыі ва ўмовах баявых дзеяньняў.

Расейскія ўлады ня раз адмаўлялі абвінавачваньні ў наўмысных ударах па цывільных мэтах ва Ўкраіне.

Напярэдадні Ўзброеныя сілы Ўкраіны заявілі, што ўкраінскія войскі «пасьпяхова нанесьлі ўдар па Чангарскім мосьце». Гэта найкарацейшы шлях з анэксаванага Крыму ў Мелітопаль і далей да паўднёвага фронту, дзе цяпер спрабуе наступаць украінскае войска, адзначае Расейская служба ВВС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG