Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар: у вагнэраўцаў у Беларусі скараціліся заробкі і зьявіліся праблемы з адпачынкам


Вагнэраўцы ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Вагнэраўцы ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Вагнэраўцам падабаецца ў Беларусі, яны кажуць сваякам, што ў Беларусі прыгожая прырода, чыстае паветра і смачная ежа.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) высьветліў, што абмяркоўваюць сваякі вагнэраўцаў, якія прыехалі ў Беларусь.

Гэта стала магчымым пасьля далучэньня журналіста цэнтру ў закрытыя каналы сваякоў наймітаў ПВК «Вагнэр».

«Найбольш абмеркоўваецца тэма заробкаў. У сярэдзіне ліпеня ў чатах пісалі, што заробкі ў вагнэраўцаў, якія зьехалі ў Беларус, значна зьменшацца — з 240 тысяч расейскіх рублёў (2600 даляраў) да 150 тысяч (1600 даляраў). Цяпер жа пішуць, што і гэтыя лічбы не канчатковыя. Адна з удзельніц назвала лічбу 60 тысяч. Апроч таго, некаторым сужэнцы паведамілі, што з заробкаў будуць вылічваць харчаваньне ў Беларусі», — адзначаецца ў матэрыяле БРЦ.

Паводле расьсьледнікаў, абмяркоўваюць таксама тэрміны і магчымыя месцы атрыманьня гэтых заробкаў, бо касы ў большасьці расейскіх гарадоў закрыліся.

«Цяпер сваякі могуць атрымаць грошы па даверанасьці толькі ў Санкт-Пецярбургу ці Маскве. Пры гэтым некаторыя ўдзельніцы чатаў сьцьвярджаюць, што складзеныя раней даверанасьці на жонак і маці адклікалі, атрымаць выплаты найміты могуць толькі асабіста», — пішуць дасьледнікі.

Некаторыя вагнэраўцы паведамілі аб праблемах з адпачынкамі — адным удалося зьехаць адпачываць дадому, а іншыя сьцьвярджаюць, што іх не адпускаюць.

«Усё гэта абмяркоўваюць у кантэксьце падпісаньня доўгатэрміновых кантрактаў і адпраўкі ўдзельнікаў ПВК „Вагнэр“ у Афрыку», — адзначаецца ў публікацыі БРЦ.

«Інфармацыі ў сваякоў вельмі мала, таму што не заўсёды ўдаецца зьвязацца зь Беларусьсю. Некаторыя кажуць, што сваякі не тэлефанавалі з 10 чэрвеня. Адны тлумачаць гэта тым, што камандзіры забараняюць званіць, другія — кепскай сувязьзю, трэція — адсутнасьцю тэлефонаў у многіх наймітаў», — пішуць журналісты.

Вагнэраўцам падабаецца ў Беларусі, яны кажуць сваякам, што ў Беларусі прыгожая прырода, чыстае паветра і смачная ежа. Але скардзяцца на «конскія цэны» ў гандлёвым пункце на тэрыторыі лягера. Некаторыя з байцоў ПВК просяць жонак перавесьці ім грошы «на буфэт». Купляюць цыгарэты, энэргетычныя напоі", — удакладняецца ў публікацыі БРЦ.

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG