Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства спорту вызначыла патрабаваньні да экскурсаводаў, сярод іх «павага да дзяржаўных сымбаляў»


Архіўнае фота. Экскурсія на Вайсковых могілках у Менску, 2019
Архіўнае фота. Экскурсія на Вайсковых могілках у Менску, 2019

Міністэрства спорту і турызму вызначыла патрабаваньні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, сярод якіх — «павага да дзяржаўных сымбаляў», «недапушчэньне некарэктных ацэнак і выказваньняў пра Беларусь» і іншыя.

Адпаведная пастанова Міністэрства спорту і турызму ад 4 ліпеня 2023 году № 33 апублікаваная на партале pravo.by. Яна вызначае прафэсійныя і этычныя патрабаваньні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

У прыватнасьці, падчас правядзеньня экскурсій неабходна мець пры сабе бэйдж экскурсавода, гіда-перакладчыка і пералік тэм экскурсій, па якіх пройдзеная прафэсійная атэстацыя.

У ліку патрабаваньняў да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў:

праява павагі да дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, гісторыі разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці, культурных і духоўных традыцый Беларусі і захаваньня яе гісторыка-культурнай спадчыны;

фармаваньне ўяўленьня аб Беларусі як краіне, прывабнай для турыстаў, экскурсантаў, недапушчэньне пры правядзеньні экскурсій суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказваньняў аб Беларусі і іншых дзяржавах, а таксама прыняцьце захадаў для недапушчэньня з боку турыстаў, экскурсантаў або іншых асоб некарэктных, правакацыйных і іншых нэгатыўных выказваньняў або дзеяньняў.

Пастанова набывае моц пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня.

Асуджаныя паводле «народнага артыкулу» гіды ня змогуць працаваць

У Беларусі асоб з судзімасьцю паводле пратэставых і палітычных артыкулаў з гэтага году не дапусьцяць да атэстацыі, якая пацьвярджае кваліфікацыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Пастанову ўраду № 839 ад 7 сьнежня 2022 году, у якой вызначаныя гэтыя зьмены, апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Пастанова набыла моц 1 студзеня 2023 году. З гэтага часу да атэстацыі, якая дазваляе працаваць экскурсаводам ці гідам-перакладчыкам, не дапускаюцца людзі з судзімасьцю паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • 123 (Прапаганда вайны);
  • 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці);
  • 293 (Масавыя беспарадкі);
  • 341-1 (Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі);
  • 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
  • 357 (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
  • 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
  • 367 (Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
  • 368 (Зьнявага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
  • 369 (Зьнявага прадстаўніка ўлады);
  • 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
  • 369-3 (Публічныя заклікі да арганізацыі або правядзеньня незаконных сходаў, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі або пікетаваньня або ўцягваньня асоб у ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах);
  • 370 (Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў).

Акрамя таго, ёсьць цэлы пералік артыкулаў КаАП, за выраку паводле якіх таксама не дапусьцяць да работы экскурсаводам або гідам-перакладчыкам:

  • 19.08 (Распаўсюджваньне твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасьці);
  • 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі);
  • 19.11 (Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць);
  • 24.22 (Распаўсюджваньне сродкамі масавай інфармацыі загадзя лжывых зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
  • 24.23 (Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG