Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкордная сьпякота ў Эўропе: дзе будзе найбольш горача


Пажар на Канарскіх выспах
Пажар на Канарскіх выспах

Цяпер у Грэцыі, Гішпаніі і на захадзе Турэччыны тэмпэратура набліжаецца да +40.

На Канарскім востраве Ла-Пальма другія суткі працягваецца пажар, які ня могуць узяць пад кантроль. Уладам прыйшлося эвакуаваць 4255 чалавек.

Паводле прагнозаў, эпіцэнтрам сьпякоты, якая, верагодна, узмоцніцца на наступным тыдні, стане італьянскі востраў Сардынія. Там можа быць да +48.

«Сьпякота дасягне свайго піку з 19 па 23 ліпеня ня толькі ў Італіі, але і ў Грэцыі, Турэччыне і на Балканах», – прадказваюць сыноптыкі.

Міністэрства аховы здароўя Італіі вынесла на сёньня самы высокі ўзровень папярэджаньня ў 16 італьянскіх гарадах, у тым ліку ў Рыме, Балёньні і Палерма: высокія тэмпэратуры могуць уяўляць небясьпеку нават для здаровых людзей.

Да сьпякоты спрычыніўся антыцыклён Цэрбэр, названы так у гонар трохгаловага сабакі, які ахоўваў пекла ў Дантэ. Мэрыі паўднёваэўрапейскіх гарадоў даюць рэкамэндацыі, як мінімізаваць рызыкі для здароўя, зьвязаныя з сонцам і высокімі тэмпэратурамі. Людзі павінны дастаткова піць, але абмежаваць спажываньне алькаголю і кавы, насіць свабодную вопратку, клапаціцца пра хворых і пра хатніх жывёл.

У Атэнах, напрыклад, улады закрылі некаторыя паркі і гістарычныя помнікі, у тым ліку старажытны Акропаль, дзе больш горача, чым у астатняй частцы гораду, праз адсутнасьць ценю.

Паводле грэцкай мэтэаралягічнай службы, тэмпэратура ў краіне вышэйшая за +32 у большасьці раёнаў, у той час як халадней на поўначы і паўночным захадзе краіны ў рэгіёнах Усходняй Македоніі і Фракіі. І наадварот, у раёне Пэляпанэсу або на грэцкіх астравах, бліжэйшых да Турэччыны, тэмпэратура вагаецца ад +37 да +39.

За антыцыклёнам Цэрбэр чакаецца іншы антыцыклён, Харон, які прынясе яшчэ больш высокія тэмпэратуры.

У Беларусі 17 ліпеня чакаецца сьпякота да 33 градусаў, у сувязі з чым абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі, паведамляе Гідрамэтцэнтар. Ад аўторка сыноптыкі абяцаюць рэзкае пахаладаньне: +26, а ў сераду +19. Ад чацьвярга – дажджы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG