Раніцай 15 ліпеня ў Беларусі заўважылі буйную калёну легкавых і грузавых аўтамабіляў на нумарах так званых «ДНР» і «ЛНР», паведамляе маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».
Паводле інфармацыі праекту, «сукупнасьць фактараў указвае, што гэта калёна ПВК „Вагнэр“, якая ноччу ўехала ў Беларусь з Расеі у раёне Крычава».
Далей, паводле зьвестак «Беларускага Гаюна», яны прайшлі праз Рагачоў у бок Бабруйска і потым — на Асіповічы. Маршрут указвае на тое, што калёна ПВК «Вагнэр» рухаецца ў намётавы лягер у вёсцы Цэль пад Асіповічамі, сьцьвярджаюць аўтары праекту.
Паводле іх зьвестак, у калёне заўважана мінімум 60 аўтамабіляў, сярод якіх пікапы, буйныя фуры, «буханкі» і сама меней 3 аўтобусы для перавозкі людзей. Калёну суправаджала беларускае ДАІ.
Пазьней украінскія памежнікі паведамілі, што таксама зафіксавалі на тэрыторыі Беларусі асобныя групы прадстаўнікоў ПВК «Вагнэр».
«На цяперашні момант, паводле наяўнай інфармацыі, у Беларусі сталі назірацца асобныя групы прадстаўнікоў прыватных ваенных кампаній, якія перамяшчаюцца з тэрыторыі Расеі», — паведаміў 15 ліпеня прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
- 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, на наступны дзень ён спыніў свой марш на Маскву. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дазволіў кіраўніку «Вагнэра» зьехаць у Беларусь. 27 чэрвеня Лукашэнка пацьвердзіў прыбыцьцё Прыгожына. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з таго часу кіраўнік узброенай групоўкі некалькі разоў пакідаў Беларусь.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вярбоўку ў свае шэрагі. Гэта было патлумачана часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь». Іншыя падрабязнасьці не прыводзіліся.
- 27 чэрвеня СМІ паведамілі пра рамонт былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну і пашырылі зьвесткі пра тое, што ў лягеры могуць разьмясьціцца баевікі ПВК «Вагнэр». Пакуль намётавы лягер не заселены.
- 6 ліпеня Лукашэнка заявіў прадстаўнікам замежных мэдыя, што ў Беларусі не ўзводзяцца лягеры для вагнэраўцаў і кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына на тэрыторыі Беларусі няма. Паводле яго, пытаньне аб перадысьлякацыі і разьмяшчэньні ПВК «Вагнэр» у Беларусі пакуль ня вырашана і гэта залежыць не ад яго, а ад рашэньня расейскага боку і саміх «вагнэраўцаў».
- 7 ліпеня лягер пад Асіповічамі наведалі замежныя журналісты. Памочнік міністра абароны па ідэалягічнай працы ва Узброеных сілах Леанід Касінскі заявіў ім, што «апэратыўныя групы» ПВК «Вагнэр» пакуль «не прыяжджалі, не вызначаліся, не глядзелі» намётавы гарадок. Паводле яго, лягер здольны зьмясьціць каля 5 тысяч чалавек.