Сьцісла:
- Няма ніякіх надта аптымістычных спадзяваньняў наконт віленскага саміту NATO ў дачыненьні да Ўкраіны.
- Украінскае кіраўніцтва некалькі месяцаў таму дапусьціла пэўную памылку, калі ператварыла контранаступ у нейкі інфармацыйны аб’ект.
- Лукашэнка стаў так званым пасярэднікам найперш таму, што ён вельмі моцна залежны ад Масквы.
- Магчымае разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і магчымы прыезд вагнэраўцаў вельмі моцна расхіствае сувэрэнітэт Беларусі.
- Многія ўкраінцы ня ўмеюць адрозьніваць «лукашыстаў» ад беларусаў дэмакратычных поглядаў.
— Ці можна гаварыць, што напярэдадні саміту NATO пэўная частка ўкраінскага грамадзтва мае занадта аптымістычныя чаканьні наконт магчымых вынікаў гэтага саміту? Якое ў вас уражаньне?
— Адказваць за ўсіх украінцаў ня буду, але асабіста ў мяне няма ніякіх занадта аптымістычных спадзяваньняў наконт гэтага саміту ў дачыненьні да Ўкраіны. Бо я разумею, што ёсьць дастаткова шмат падводных камянёў на шляху да ўступленьня Ўкраіны ў NATO. Мала падаць (як было сказана летась у верасьні) паскораную заяўку, трэба яшчэ выканаць дастаткова шмат умоваў і зрабіць даволі шмат дзеяньняў. Таму я думаю, што NATO дасьць Украіне даволі магутны сыгнал, што Ўкраіна NATO патрэбная. Але ня больш за тое.
— У цяперашніх умовах вайны Расеі супраць Украіны ўступленьне Ўкраіны ў NATO магло б быць расцэненае як фактычнае абвяшчэньне вайны паміж NATO і Расеяй?
— Гэта так, і гэтым кіруюцца прадстаўнікі альянсу. Я думаю, унутры NATO вельмі шмат палітыкаў успрымаюць гэтую праблему менавіта так. Таму працэс уступленьня Ўкраіны ў NATO асуджаны быць вельмі няпростым.
Але, з другога боку, становішча абавязвае. NATO ня можа не рэагаваць на агрэсію Расею супраць Украіны. Для гэтага ёсьць фармат «Рамштайн», для гэтага ёсьць двухбаковыя гарантыі. Украіна сам-насам з Расеяй не застанецца. Але думаць, што NATO будзе зараз распаўсюджваць свой Пяты артыкул на Ўкраіну ва ўмовах вайны з Расеяй — гэта з катэгорыі навуковай фантастыкі.
— У інфармацыйнай сфэры таксама вельмі шмат надзеяў ускладалася на контранаступ Украіны. Гаварылі пра тое, што Кіеў абавязаны паказаць нейкія кардынальныя посьпехі на фронце — зноў-такі, напярэдадні саміту NATO. Ці можна сказаць, што контранаступ пакуль адбываецца не настолькі пасьпяхова, як многім хацелася б?
— У мяне няма сумневаў, што ўкраінскія вайскоўцы робяць усё магчымае (і нават больш) дзеля вызваленьня ўкраінскай зямлі. Казаць пра тое, што ім патрэбна нейкая дадатковая матывацыя... Ім гэтага ня трэба, яна максымальна матываваныя.
Мне здаецца, што ўкраінскае палітычнае кіраўніцтва дапусьціла пэўную памылку некалькі месяцаў таму, калі ператварыла контранаступ у нейкі інфармацыйны аб’ект. Пра контранаступ сталі так шмат усе гаварыць, што з чыста ваеннага дзеяньня гэта стала нейкай інфармацыйнай кампаніяй і стала жыць уласным жыцьцём. І цяпер мы пажынаем плады гэтага.
Мне імпануе пазыцыя галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валера Залужнага, які ў інтэрвію сказаў, што гэта ня шоў, за якім сочыць увесь сьвет. Гэта складаная баявая праца. І чым больш людзей будуць разумець, што за контранаступ плаціцца вельмі дарагая цана, тым лепей будзе для ўсіх.
— Як ва Ўкраіне адрэагавалі на гісторыю з «бунтам» Прыгожына і ўдзелам у ягоным разьвязаньні Аляксандра Лукашэнкі? У пэўны момант зьявіліся засьцярогі, што вагнэраўцы тысячамі зьявяцца ў Беларусі, каб пайсьці адсюль ва Ўкраіну.
— Па-першае, я думаю, што Лукашэнка стаў так званым пасярэднікам найперш таму, што ён вельмі моцна залежны ад Масквы. А Прыгожыну патрэбен быў кіраўнік іншай дзяржавы і Лукашэнка падышоў чыста паводле фармальных прыкметаў.
Па-другое, я думаю, што вагнэраўцы — гэта элемэнт інфармацыйнай вайны, інфармацыйнага ўзьдзеяньня Крамля на сусьветную супольнасьць, і ў прыватнасьці на NATO. Сёньня няма дакладных зьвестак, колькі вагнэраўцаў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Масква выкарыстоўвае тактыку стварэньня інфармацыйнага аб’екту, ягонага прасоўваньня.
Вагнэраўцы маюць адпаведны публічны вобраз, крывавых бандытаў, і іх будуць выкарыстоўваць і далей. Для ціску на Польшчу ў кантэксьце парлямэнцкіх выбараў, для ціску на Літву, дзе, магчыма, разгортваецца палітычны крызіс. Расея хоча паказаць, што зь імі лічацца. Гэта сьвядомая лінія Крамля, і вагнэраўцы сталі яе інструмэнтам.
Я б нават не выключаў, што гэта была ўзгодненая гульня паміж Прыгожыным і Пуціным. Урэшце, цяперашні стан Прыгожына на момант нашай размовы сьведчыць, што ён яўна ня стаў ахвярай крамлёўскіх рэпрэсіяў.
— На тэрыторыі Беларусі ўсё меней расейскіх вайскоўцаў. Ці можна сказаць, што на сёньня нават тэарэтычная магчымасьць агрэсіі з тэрыторыі Беларусі выглядае малаімавернай?
— Пасьля таго, як з восені мінулага году зь Беларусі перасталі наносіць ракетныя ўдары па Ўкраіне, а потым адбылося вядомае здарэньне ў Мачулішчах, узровень баяздольнасьці беларускага войска стаў для ўсіх відавочным. Колькі б вагнэраўцаў ні прызначылі інструктарамі для беларускіх вайскоўцаў, яны ня здолеюць замяніць сабой беларускае войска. І я ня думаю, што Лукашэнка зь ягоным уладным інстынктам дазволіць, каб на тэрыторыі Беларусі знаходзілася чужая моцная ўзброеная групоўка.
Таму ён будзе выконваць свой «саюзьніцкі абавязак» (як ён гэта называе), «ратуючы» Расею тым, што стрымлівае пэўную колькасьць украінскіх войскаў на мяжы.
Я думаю, беларусам трэба больш думаць пра тое, што будзе пасьля заканчэньня вайны. Калі сусьветная супольнасьць захоча пакараць ня толькі Пуціна, але і Лукашэнку. Як гэта адаб’ецца на беларусах? Пакуль можна канстатаваць, што магчымае разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і магчымы прыезд вагнэраўцаў вельмі моцна расхіствае сувэрэнітэт Беларусі.
— Многіх беларусаў моцна ўзрушыў нядаўні інцыдэнт, калі на просьбу ўкраінскіх літаратарак Хадановіч выдаліў перакладзены ім верш загінулай у Краматорску пісьменьніцы. Уразіла тое, што беларуская мова, якая перасьледуецца рэжымам Лукашэнкі, у вачах украінцаў стала мовай варожай. Як вы ставіцеся да гэтага?
— Ва ўкраінцаў назьбіралася шмат крыўдаў на Беларусь і беларусаў, і многія ўкраінцы ня ўмеюць адрозьніваць «лукашыстаў» і праціўнікаў Лукашэнкі. Я лічу, гэта няслушна. На фоне таго, што мы бачым пэўныя пазытыўныя зрухі ў дыялёгу паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ўкраінскай уладай, я б хацеў, каб ва ўкраінскай інфармацыйнай прасторы было больш інфармацыі менавіта пра беларускія дэмакратычныя сілы і беларускую культуру. Гэта не азначае одаў Ціханоўскай. Гэта азначае, што мы павінны больш ведаць пра суседзяў, пра дзяржаву, якія перажывае сёньня няпросты час.
Няпростыя часы бываюць ва ўсіх дзяржаваў. Але суседзяў не выбіраюць, іх немагчыма памяняць. Таму нам трэба будаваць нармальныя адносіны. А такія моманты, калі хтосьці спрабуе рэгуляваць, як трэба захоўваць памяць пра ўкраінскую пісьменьніцу, гэта няправільна.