Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што на новым пасяджэньні стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага сярод асноўных выклікаў абмеркавалі і пытаньне бясьпекі атамных электрастанцый.
Уладзімір Зяленскі не ўдакладніў, пра якую АЭС вядзецца. Раней ён і ўкраінская выведка папярэджвалі аб магчымым тэрарыстычным акце на Запароскай АЭС, які нібыта рыхтуе Расея.
«Сёньня стаўка расшыраная. Дзьве гадзіны на абмеркаваньне асноўных выклікаў. Першае — абарона АЭС. Другое — сытуацыя на фронце. Трэцяе — далейшае нарошчваньне ўласнай вытворчасьці тэхнікі і боепрыпасаў, паскарэньне тэмпаў рамонту тэхнікі заходняга ўзору», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
1 ліпеня пасяджэньне стаўкі праходзіла на Ровенскай АЭС, якая знаходзіцца недалёка ад Беларусі. Перад гэтым украінскія сілы правялі вучэньні ў абароне станцыі.
30 чэрвеня ўкраінская выведка паведаміла, што Расея паступова вывозіць сваіх супрацоўнікаў і вайскоўцаў з Запароскай АЭС.
22 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея пасьля тэракту на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі рыхтуе новы тэракт, на Запароскай АЭС, «з выкідам радыяцыі». Пасьля гэтага ва Ўкраіне стварылі штабы на выпадак надзвычайнай сытуацыі на станцыі.
У той жа час спэцыялісты ў пытаньнях ядзернай бясьпекі сьцьвярджаюць, што ў выпадку падрыву Запароскай АЭС маштабы катастрофы будуць меншымі, чым у свой час пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Спэцыялісты тлумачаць гэта іншымі мадэлямі рэактараў, усталяваных на ЗАЭС, а таксама тым, што яны цяпер спыненыя.
Ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі ўкраінскімі атамнымі электрастанцыямі, заявілі, што, нягледзячы на зьнішчэньне Кахоўскай дамбы, узровень вады ў сажалках-ахаладжальніках застаецца стабільным і кантраляваным.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. Цяпер усе яе блёкі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.
Запароская АЭС папаўняла аб’ём вады, неабходнай для сыстэм бясьпекі, з Кахоўскага вадасховішча. Раніцай 6 чэрвеня стала вядома аб разбурэньні дамбы Кахоўскай ГЭС. У яе падрыве ўкраінскія ўлады абвінавацілі расейскія акупацыйныя войскі, якія захапілі і кантралявалі ГЭС з 24 лютага 2022 года. Расейскія акупацыйныя ўлады, наадварот, заяўляюць, што менавіта ўкраінскія вайскоўцы абстралялі і пашкодзілі дамбу Кахоўскай ГЭС.
Цяпер ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі ўкраінскімі атамнымі электрастанцыямі, заявілі, што нягледзячы на зьнішчэньне Кахоўскай дамбы, узровень вады ў сажалках-ахаладжальніках застаецца стабільным і кантраляваным.