Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сахашчык: У адрозьненьне ад іншых беларускіх фармаваньняў, мы ня робім стаўку на вызвольны паход на Менск


Валер Сахашчык у студыі Радыё Свабода, чэрвень 2023 году.
Валер Сахашчык у студыі Радыё Свабода, чэрвень 2023 году.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валерый Сахашчык у інтэрвію Свабодзе разважае пра ўплыў «паходу Прыгожына» на падзеі ў Беларусі, ролю Лукашэнкі, беларусаў у ПВК «Вагнэр», пагрозы Мікалая Карпянкова пачаць «паляваньне» на беларускіх добраахвотнікаў і свой плян усталяваньня законнасьці ў Беларусі.

Ніжэй прыводзім некаторыя фрагмэнты інтэрвію. Цалкам размову глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Пра паход ПВК «Вагнэр» на Маскву: Мы прысутнічаем у антракце спэктакля. Наступныя дзеі яшчэ наперадзе

  • Гэта быў клясычны вайсковы мяцеж, бо дзяржаўная сыстэма ў Расеі надзвычай неэфэктыўная. Гэта быў працяглы канфлікт паміж ПВК «Вагнэр» і кіраўніцтвам Міністэрства абароны. Трэба даўно было зьвярнуць на гэта ўвагу і ўрэгуляваць гэты канфлікт, але ніхто гэтага не зрабіў. У выніку атрымалася, што атрымалася. Акрамя таго, вагнэраўцам прапанавалі да 1 ліпеня падпісаць кантракты зь Мінабароны, а паколькі Прыгожын бачыць абсалютную неэфэктыўнасьць Мінабароны, пагарджае яго кіраўніцтвам, то ён адмовіўся гэта зрабіць. А пасьля адбыўся такі канфлікт.
  • Самае сумнае для Расеі, што ўвесь сьвет убачыў абсалютную няздольнасьць сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня ў Расеі функцыянаваць у крызіснай сытуацыі. Як бы там ні было, няхай вагнэраўцаў 25 тысяч, але гэта ўсяго 25 тысяч для вялізнай дзяржавы, якая, як яны кажуць, вырашае палітыку сьвету.
  • Мне падаецца, што цяпер мы прысутнічаем у антракце спэктакля і што наступныя дзеі яшчэ наперадзе. Давайце трошкі пачакаем. Ніхто насамрэч ня ведае зьместу дамоўленасьцяў. Гэтая армія (ПВК «Вагнэр». — РС) была ва Ўкраіне самай эфэктыўнай, і яна магла б супрацьстаяць усёй расейскай арміі.

Пра ролю Лукашэнкі: Беларусь традыцыйна хавае ў сябе злачынцаў, таму ўзгадалі пра Аляксандра Рыгоравіча

  • Думаю, што роля Лукашэнкі ў гэтых перамовах была вельмі сьціплая. Насамрэч яго дапусьцілі да ўдзелу ў гэтых перамовах, бо разыгралі прыгожую карцінку. У любым выпадку патрэбная была нейкая тэрыторыя, куды вагнэраўцам дазволілі б сысьці. Усе разумелі, што калі пакінуць усё так, як ёсьць, то гэта непазьбежна выкліча сілавое сутыкненьне і вялікае праліцьцё крыві.
  • Беларусь традыцыйна хавае ў сябе злачынцаў, людзей, якія ў сябе на радзіме нарабілі злачынстваў, пачынаючы з Бакіева і процьмы іншых пэрсанажаў. Таму ўзгадалі пра Аляксандра Рыгоравіча і прапанавалі яму. А ён вельмі любіць, калі нехта пра яго ўзгадвае і зьвяртае ўвагу, таму ён пагадзіўся. Я ня думаю, што ён сам спадзяецца, што прыйдзе Прыгожын са сваёй арміяй, або набярэ новую армію ў Беларусі, і будзе яго бараніць. Прыгожын ужо здраджваў неаднаразова. Ён здрадзіў Пуціну. Што яму перашкодзіць здрадзіць Лукашэнку?
  • Апошнім часам Беларусь улазіць заўсёды ўва ўсё, дзе ёсьць нейкі бруд, нейкая здрада, цёмныя інсынуацыі. Нічога добрага Беларусі гэта ня дасьць, гэта чарговая небясьпека. Калі ў Беларусь прыйдуць вагнэраўцы, што ад гэтага будзе добрага? Гэта бомба запаволенага дзеяньня.
  • Ніхто ня хоча абараняць Пуціна. Гэтаксама ніхто не захоча бараніць Лукашэнку. Пуцін прынамсі дазваляе красьці сваёй камандзе. А што дае Лукашэнка? Бясконца ўсіх запалохвае, заціскае, зьбірае на іх дасье. А крадзе толькі яго сям’я. Калі і дае іншым, то па дробязі. Таму ў Беларусі ўсё будзе значна хутчэй. У беларускай сыстэмы няма шанцаў выстаяць у крызіснай сытуацыі.

Пра ўплыў мяцяжу на настроі вайскоўцаў у Беларусі: Калі вагнэраўцы прыйдуць, то беларуская армія яшчэ хутчэй зразумее, што трэба хутчэй зачыняць мяжу

  • Вельмі многія людзі ў беларускай арміі ўжо даўно думаюць, разумеюць, што гэты арыенцір, які задаў Лукашэнка, што Расея наш старэйшы брат, што мы павінны браць прыклад з Расеі, ісьці да яе і абʼядноўвацца, — дык вось, людзі даўно бачаць, што нешта ня тое. Расея прайграе вайну, Расея не змагла зрабіць ва Ўкраіне абсалютна нічога.
  • У Расеі рушыцца эканоміка, Расея стала краінай-ізгоем, а на яе прэзыдэнта выдалі ордэр Міжнароднага крымінальнага суду.
  • Калі вагнэраўцы прыйдуць у Беларусь, то гэта будзе вялікая колькасьць канфліктаў, злачынстваў, і нічога добрага гэта нікому ня дасьць. І беларуская армія яшчэ хутчэй зразумее, што трэба хутчэй зачыняць мяжу з суседам з Усходу і нешта рабіць самім.

Пра дэсантна-штурмавую роту ва Ўкраіне: Дзьве ночы таму чатыры асобы з нашага падразьдзяленьня сарвалі расейскі штурм

  • Мы стварылі падразьдзяленьне ў складзе дэсантна-штурмавых войскаў Украіны. Так, я быў ідэйным натхняльнікам і арганізатарам гэтага працэсу. Я знаходжуся там (ва Ўкраіне. — РС) некаторы час, які лічу неабходным. Я не выступаю там у ролі байца, я раблю тое, дзе я магу свой патэнцыял выкарыстаць максымальна і прынесьці карысьць справе. Кантракту ваеннаслужачага УСУ ў мяне няма, я не магу гэтага зрабіць. Я выконваю трошкі іншую місію. Але ў мяне ёсьць дакумэнты, якія дазваляюць мне знаходзіцца дзе заўгодна, быць з маімі байцамі дзе заўгодна і выконваць баявыя заданьні.
  • Наша рота зьяўляецца рэзэрвам камандзіра брыгады. Адпаведна, яе прыцягваюць туды, дзе сытуацыя складаней за ўсё. Мы працуем кожную ноч. Дзьве ночы таму чатыры асобы з нашага падразьдзяленьня сарвалі расейскі штурм проста тым, што спалілі танк і паклалі 12 чалавек на адлегласьці амаль кілямэтар. І ўсё, штурму не адбылося. Добрая праца.
  • Гэтае падразьдзяленьне — толькі малая частка таго, чым займаецца наш дэпартамэнт. Каб перамагчы, мы павінны мець вялікую моцную арганізацыю.

Пра адрозьненьне ад палку Каліноўскага: Мы ня робім стаўку на вызвольны паход на Менск

  • У адрозьненьне ад іншых беларускіх добраахвотніцкіх фармаваньняў, мы ня робім стаўку на вызвольны паход на Менск. Мы ня робім стаўку на грамадзянскую вайну. Мы робім стаўку на тое, што беларусы ня будуць страляць у беларусаў. У нас ёсьць выразны плян, прапрацаваны, як гэтага дамагчыся. Я абсалютна веру, што ён рэалістычны.
  • Я ня ведаю дакладна, чаго яны хочуць. Я магу гаварыць пра тое, пра што яны шматразова публічна заяўлялі (паход на Менск. — РС). Я не лічу гэта наогул нейкім спосабам вырашэньня праблемы, нават калі б іх было шмат тысяч і калі б гэта была вялікая сіла. На сёньняшні дзень несувымерны баявы патэнцыял нават сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі і палку Каліноўскага. Давайце будзем шчырымі і дарослымі людзьмі. Бадацца лоб у лоб — гэта такое глупства.
  • Яшчэ раз скажу, што беларус не павінен страляць у беларуса. Мы павінны вырашыць пытаньне без грамадзянскай вайны. Сьвету не патрэбная Сырыя ў цэнтры Эўропы. Нам, беларусам, ня трэба расколваць нацыю да канца і рабіць, каб яшчэ шмат пакаленьняў ненавідзелі адзін аднаго. Калі пачнуцца ахвяры з абодвух бакоў, то пасьля гэтага ня спыніш. Я абсалютна ўпэўнены, што ёсьць шлях, калі мы можам без вайны вырашыць усе свае праблемы.

Пра сцэнар пераменаў: Няправільна распальваць грамадзянскую вайну, трэба дамаўляцца

  • Вы бачылі, што днямі адбывалася ў Расеі? Ёсьць адна прыватная вайсковая кампанія — і ўсе Ўзброеныя сілы Расеі аказаліся бясьсільнымі і ня сталі нічога рабіць. У нас у Беларусі цяпер знаходзіцца каля 5 тысяч ваеннаслужачых РФ. Магчыма, гэтая колькасьць трошкі павялічыцца, калі на самой справе прывязуць ядзерную зброю, расейцы дадуць кагосьці для аховы. Але гэта не такая вялікая колькасьць. Мы, беларусы, якія цяпер ва Ўкраіне, зможам зрабіць так, каб выгнаць іх з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і зрабіць гэта так прыгожа, эфэктыўна, каб нашыя суайчыньнікі, якія цяпер носяць пагоны ў беларускай арміі, убачылі, як мы працуем. Мы і цяпер працуем.
  • Я і цяпер абапіраюся на пэўную падтрымку значнай колькасьці людзей, якія цяпер служаць ва Ўзброеных сілах Беларусі. Далей гэта будзе толькі павялічвацца, па меры таго як будзе слабець сыстэма дзяржаўнага кіраваньня Беларусі, Лукашэнка. А гэта ўжо адбываецца на нашых вачах.
  • У патрэбны момант, як бы мы ні адрозьніваліся ў сваім сьветапоглядзе, мы зробім так, як зрабілі людзі ў Польшчы: селі і дамовіліся, Ярузэльскі з Качыньскім, і г. д. Гэта правільны шлях, няправільна распальваць грамадзянскую вайну. У адказны момант, я ўпэўнены, мы будзем разам з каліноўцамі. У мяне і цяпер цудоўныя адносіны з байцамі-каліноўцамі. Тое, што некалькі чалавек у штабе думаюць па-іншаму, гэта іх справа. З майго боку дакладна няма ніякіх праблемаў. Я разоў сем, як мінімум, езьдзіў, прапаноўваў, сустракаўся, не прапаноўваў быць ніякім камандзірам над імі. Я прапаноўваў свае веды і досьвед. Але ў людзей там трошкі іншыя задачы, я ня буду гэта абмяркоўваць. Але надыдзе момант, і мы ўсё адно аб’яднаемся.

Пра дзейнасьць ва Ўкраіне: Мы наладзілі вытворчасьць пэўных рэчаў, якім Расея пакуль ня можа супрацьстаяць

  • Акрамя згаданага падразьдзяленьня, у нас ёсьць вельмі моцная сыстэма стратэгічнага аналізу, вельмі моцная каманда камунікацый, сыстэма выведкі, уласнай бясьпекі. У нас ёсьць некалькі структур ва Ўкраіне, акрамя баявога падразьдзяленьня. Я не агітую нікога далучацца да баявога падразьдзяленьня, але ў нас ёсьць вялікае падразьдзяленьне айцішнікаў, якое ў разы большае за баявое падразьдзяленьне. Яно выконвае супэрважныя эфэктыўныя, карысныя задачы. Пакуль для Ўзброеных сілаў Украіны, а пасьля будзе рабіць для нас, калі пачнецца этап вызваленьня радзімы. Калі будуць ахвотныя, то мы рады людзей сустрэць і прыняць.
  • Мы займаемся падрыхтоўкай кадраў для будучай беларускай арміі, вайсковым будаўніцтвам, распрацоўкай дакумэнтаў, таму што разумеем, што тое, што ёсьць у Беларусі, вельмі архаічнае. Яно зробленае на ўзор Расеі. А як ваюе Расея — мы бачым. Мы павінны браць прыклад з найлепшых.
  • Мы аб’ядналі працу навукоўцаў некалькіх краінаў, наладзілі вытворчасьць пэўных рэчаў. Мы робім клясныя рэчы, якія дазваляюць наносіць сур’ёзныя страты праціўніку і якім Расея пакуль ня можа супрацьстаяць. Гэты кірунак ня менш цікавы, чым дзейнасьць нашага падразьдзяленьня ва Ўкраіне. Мы робім на гэта акцэнт і будзем разьвівацца ў гэты бок.
  • Ёсьць і іншыя напрамкі працы, пра якія я б не хацеў гаварыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG