Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальнаму аўтарытэту «Кушнеру» прысудзілі меней, чым Аўтуховічу і Пракоп’еву


Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота

Менскі гарадзкі суд пакараў крымінальнага аўтарытэта Аляксандра Кушнерава 24 гадамі калёніі за падрыхтоўку да наўмыснага забойства і незаконнае набыцьцё, захоўваньне і нашэньне агнястрэльнай зброі.

Паводле афіцыйнай газэты «Мінская праўда», першыя 5 гадоў зьняволеньня Кушнераў правядзе ў турме. Ягоныя самаробны рэвальвэр і некалькі пісталетаў канфіскуюць.

Па вэрсіі сьледзтва, Кушнераў рыхтаваў замах на іншага крымінальнага аўтарытэта Бадры Кагуашвілі, забойства плянавалася на тэрыторыі Расеі.

Кушнерава затрымалі ў ліпені 2022 году ў Менску. Разгляд ягонай справы праходзіў у закрытым рэжыме.

Кушнераў нарадзіўся ў 1966 годзе ў Гомлі. У 17 гадоў яго ўпершыню арыштавалі за дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Пазьней да першага абвінавачаньня дадаўся крадзеж з наўмысным зьнішчэньнем маёмасьці.

Агулам Кушнерава судзілі 6 разоў. У 1994 годзе за забойства двух чалавек яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне. Але ў 1996 годзе Вярхоўны суд адмяніў вырак і прызначыў максымальна магчымы ў той час тэрмін — 15 гадоў пазбаўленьня волі. Вызваліўся ён праз 14 гадоў, трапіўшы пад амністыю.

У Беларусі ёсць палітвязьні, якім апошнім часам выносілі больш строгія прысуды, чым «вору ў законе» Кушнераву. Так, напрыклад, Мікалай Аўтуховіч атрымаў пакараньне ў 25 гадоў пазбаўленьня волі. Столькі ж, але завочна, прысудзілі Вадзіму Пракоп’еву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG