Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Непачуты Быкаў». Да гадавіны сьмерці народнага пісьменьніка Беларусі


Васіль Быкаў, 2000 год. Фота Ўлада Яндзюка
Васіль Быкаў, 2000 год. Фота Ўлада Яндзюка

20 гадоў таму Беларусь разьвіталася з выбітным пісьменьнікам і грамадзкім дзеячам Васілём Быкавым.

Пра значнасьць Быкава для беларускай літаратуры, пра ягоную ролю ў нацыянальным Адраджэньні і здабыцьці незалежнасьці, пра грамадзянскую пазыцыю ў часы, калі ўсталёўвалася і набірала сілу сыстэма, якую сёньня прынята называць лукашэнкаўскім рэжымам, сказана і напісана гэтулькі, што дадаць новае і невядомае папросту немагчыма.

Здавалася б, асэнсаваны і ягоны духоўны запавет — і пра існаваньне сувэрэннай дзяржавы як гарантыю выжываньня нацыі, і пра значнасьць беларускай мовы, і пра шлях у Эўропу як адзіна магчымы, калі толькі народ хоча захавацца.

І нават быкаўская максыма пра тое, што дэмакратыя ня мае адэкватных сродкаў змаганьня з дыктатурай і таму ёй прайграе, самым драматычным чынам была пацьверджаная зусім нядаўна.

Але вось, перачытваючы ў чэрвеньскім нумары штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» за 1988 год артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці» і прадмову да яе Васіля Быкава, знаходзіш тое, што тады, агаломшаны жудаснымі фактамі курапацкай трагедыі, неяк выпусьціў з-пад увагі. А сёньня яно бачыцца ці не галоўным.

Публікацыя тая ўзрушыла грамадзтва, але тады мала хто зьвярнуў увагу на апошнія словы, на фармулёўку, якую ўжылі аўтары для вызначэньня таго, што было зроблена на беларускай зямлі ў часы тэрору — генацыд. І сёньня, праз 35 гадоў, далёка ня ўсе дасьледчыкі ды палітыкі адважацца вымавіць гэтае слова. Дзіўна, як яно тады праскочыла праз цэнзуру.

Яшчэ больш неверагодным, калі ўдумацца, выглядае публікацыя параўнаньня Быкавым фашызму са сталінізмам.

«У нас ёсьць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, сьведчаньне гераізму беларускага народу ў барацьбе з гэтым заклятым ворагам чалавецтва. Але нішто ў нас яшчэ не напамінае аб ахвярах сталіншчыны. Тое няправільна і недаравальна!» — пісаў Быкаў.

Зразумела, што ў 1988 годзе, калі панавала ўлада кампартыі, а пра скасаваньне артыкула Канстытуцыі аб кіроўнай ролі КПСС гаварылі толькі ў дысыдэнцкіх колах і ў самвыдаце, — слова «камунізм» замест «сталінізм» на старонку легальнага штотыднёвіка прайсьці не магло.

Але параўнаньне фашызму з тым ладам, які панаваў у Савецкім Саюзе дзесяцігодзьдзямі, упершыню ў Беларусі адкрыта прагучала менавіта ад Быкава. І ўжо ў 90-я, калі камуністы зьмянілі ленінскія лёзунгі на імпэрскія, выступаючы супраць незалежнасьці маладой беларускай дзяржавы, Быкаў надаў сваёй аналёгіі колер: «чырвона-карычневыя».

Сёньня мы можам дапоўніць гэтую аналёгію тым, пра што не стамляюцца гаварыць Лукашэнка і Пуцін, ідэолягі «русского мира», якія менавіта ў сталінскіх часах бачаць найвышэйшае выяўленьне гэтак дарагога ім «савецкага ладу жыцьця».

Дарэчы, на пачатку 90-х, калі, як тады шмат каму здавалася, усталяваньне ў Беларусі дэмакратыі было працэсам хоць і складаным, але незваротным, — Быкаў папярэджваў, што дыктатура можа вярнуцца. Ён, напрыклад, казаў, што ніхто зь «ціхіх пэнсіянэраў», як тады называлі публіцысты былых супрацоўнікаў НКВД, не асуджаны за злачынствы 1930-х і наступных гадоў. Тым людзям было тады каля 80-ці, у іх цалкам хапала сілаў хадзіць на камуністычныя мітынгі ды пісаць у газэты гнеўныя лісты пра «развал Саюзу».

Падавалася — ну што пра іх гаварыць, яшчэ некалькі гадоў — і яны лягуць у магілы, ніхто пра іх і не прыгадае, а Беларусь пойдзе далей, у будучыню.

Але меў рацыю Быкаў. Калі б удалося прымусіць КДБ рассакрэціць прозьвішчы тых, хто расстрэльваў у Курапатах, забіваў Міхоэлса ці зьдзекаваўся з Геніюш, калі б людзі тыя былі асуджаныя і ў 80 гадоў селі за краты гэтак жа, як адпраўляліся ў турму наглядчыкі Асьвенціму, — у сёньняшніх сілавікоў не было б упэўненасьці ва ўласнай беспакаранасьці.

Быкаў часта прыгадваў, што Нямеччына, яе народ пакаяліся, асэнсавалі і адрынулі спадчыну нацысцкага рэжыму. Ён быў упэўнены, што гэткі ж працэс павінен адбывацца і ў былых савецкіх рэспубліках, у Беларусі ў прыватнасьці. Быкаў не дажыў да адкрыцьця «Лініі Сталіна» — але засьпеў спэкуляцыі перамогай над нацызмам, якую ён называў найважнейшым, што зрабіла ягонае пакаленьне.

«Пазьней не было нічога болей справядлівага, высокага па ідэі і выразнага па выніку, чым можна было б задаволіцца, ня тое што ганарыцца», — казаў ён у інтэрвію Радыё Свабода ў траўні 2001-га.

Але ганарыцца той перамогай пачалі людзі, ідэйна і духоўна чужыя быкаўскім паплечнікам — змагарам з нацызмам. Тыя, хто ўзяў на ўзбраеньне тоесную нацысцкай, як лічыў Быкаў, ідэалёгію.

«Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва?» — гэтыя словы Васіля Быкава і праз два дзесяцігодзьдзі пасьля таго, як былі сказаныя, ушчэнт разьбіваюць так званую «дзяржаўную ідэалёгію» рэжыму, заснаваную на «перамозе вялікага савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне».

Быкаў пісаў пра чалавека, жыцьцё чалавека ставіў вышэй за ўсе ідэалёгіі і сыстэмы. І ў разьвітальнай сваёй кнізе «Доўгая дарога дадому» сказаў, нібы пакінуў нам запавет: «Свабода — найвялікшая чалавечая каштоўнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG