У красавіку Беларусь зьвярнулася ў камітэт па ажыцьцяўленьні Канвэнцыі аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце. Нагодай стала парушэньне Польшчай палажэньняў міжнароднай дамовы. Аб гэтым у інтэрвію БелТА расказаў міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Худык.
Паводле яго слоў, з самага пачатку будаўніцтва Польшчай агароджы ў Белавескай Пушчы Мінпрыроды задзейнічала ўсе мэханізмы, каб заклікаць суседзяў выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне аховы біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці.
Польшча пачала будаваць агароджу ў студзені мінулага году. Ужо вясной Камітэт дзяржкантролю ацаніў шкоду ад будаўніцтва ў 52 млн рублёў. А восеньню ведамства заявіла, што дамовілася з ААН стварыць аб’яднаную экспэртную групу па Белавескай Пушчы.
Андрэй Худык удакладніў: беларускі бок разьлічвае на тое, што камітэт па ажыцьцяўленьні Канвэнцыі Эспа «адкіне палітычныя прыхільнасьці і разгледзіць скаргу выключна з пункту гледжаньня аховы навакольнага асяродзьдзя».
Ён таксама адзначыў, што ведамства ўжо зьвярталася да кампэтэнтных міжнародных арганізацый і органаў шматбаковых прыродаахоўных пагадненьняў, каб тыя дапамаглі вырашыць праблему. Але просьба засталася без увагі.