У Кішынёве (Малдова) праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (EPC), якая аб’ядноўвае 27 краін Эўразьвязу і 40 іхных хаўрусьнікаў, за выключэньнем Расеі і Беларусі.
Напярэдадні малдоўскія ўлады абвясьцілі аб надзвычайных умовах бясьпекі і закрыцьці паветранай прасторы. Абслугоўваюцца толькі самалёты афіцыйных дэлегацый, якія прыбываюць на саміт.
Найбольшым лабістам гэтай супольнасьці зьяўляецца прэзыдэнт Францыі Эманюель Макрон.
«Мы таксама павінны думаць пра больш шырокую Эўропу. Мы павінны думаць пра нашу Эўропу ня толькі з пункту гледжаньня бясьпекі ў рамках NATO і ня проста ў рамках Эўрапейскага Зьвязу», — заявіў Эманюэль Макрон напярэдадні саміту, 31 траўня.
Украіна спадзяецца на палях гэтага саміту дамагчыся расшырэньня кааліцыі зьнішчальнікаў і стварыць яшчэ адно нефармальнае аб’яднаньне, каб узмацніць абарону краіны.
«Сёньня працуем у Малдове. Удзел у саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. Шмат двухбаковых сустрэч. Разьвіваем кааліцыю зьнішчальнікаў і прапануем кааліцыю „Patrioit“. ЭЗ, NATO, формула міру. Усё для абароны нашай будучыні», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
Як паведаміла агенцтва AFP, адно з галоўных пытаньняў саміту — рэгіянальная бясьпека.
Праграма саміту прадугледжвае агульную дыскусію, двухбаковыя сустрэчы, а таксама сустрэчы ў фарматах «малых груп», адна зь якіх датычыць канфлікту ў Нагорным Карабаху.
У другой палове дня адбудзецца сустрэча прэзыдэнта Эўрапейскай Рады Шарля Мішэля, канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца, прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева і прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна.
Першы саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці адбыўся ў Празе (Чэхія) у кастрычніку 2022 году. На ім абмяркоўвалі пытаньні міру і бясьпекі, у прыватнасьці, вайну Расеі ва Ўкраіне і энэргетычны крызіс.
Наступны саміт пройдзе ў Гішпаніі.