Першая друкаваная кніга на старабеларускай мове ў 1517 годзе пабачыла сьвет менавіта ў Празе. Паводле адной з вэрсіяў, Скарына для гэтага арандаваў друкарню ў самага вядомага праскага выдаўца таго часу, крамніка Сэвэрына. Менавіта ён арганізаваў выданьне чэскай Бібліі 1488 году. Дом Сэвэрына знаходзіўся на Старамесцкай плошчы, але ў XVII стагодзьдзі ён быў разбураны.
Менавіта там і ўсталявалі памятную дошку. На ёй прадстаўлены асабісты сыгнэт беларускага першадрукара, на якім былі выяўленыя прамяністае Сонца анфас з прытуленым справа маладзіком з тварам у профіль, а таксама надпіс – Domus Severini (на лацінскай мове), то бок Дом Сэвэрына.
Шыльда адлітая з бронзы вядомым чэскім мастаком Іржы Альтманам. Расчытаць правільна надпіс можна дзякуючы люстраному адбіцьцю літар, бо менавіта па такім прынцыпе працавала друкарня Скарыны.
Мэмарыяльная дошка Скарыны ў Празе — гэта сумесны праект пасольства Літвы ў Чэхіі, Польскага інстытут у Празе і Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі. У Твітары літоўскага пасольства ў Варшаве апублікаваны кароткі ролік з адкрыцьця табліцы. У ім прынялі ўдзел амбасадар Літвы Лаймонас Талат-Келпша, дырэктарка Офісу дэмакратычных сіл Беларусі Крысьціна Шыянок і кіраўнік Польскага інстытуту ў Празе Мацей Ручай.
Першая друкаваная кніга Беларусі — Біблія ў перакладзе на старабеларускую мову Францішка Скарыны выйшла ў сьвет 6 жніўня 1517 году ў сталіцы Чэскага Каралеўства Празе.