Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Казахстану лічыць існаваньне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі праблемай Эўразійскага саюзу


Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Сваёй заявай на ІІ Эўразійскі эканамічны форум прэзыдэнт Казахстану фактычна адмовіў Беларусі ў дзяржаўнай суб’ектнасьці, але Аляксандар Лукашэнка, здаецца, гэтага не зразумеў.

Здавалася, што ІІ Эўразійскі эканамічны форум пройдзе паводле стандартнай, традыцыйнай схемы. Лідэры краін-чальцоў ЭАЭС будуць гаварыць пра важнасьць інтэграцыі постсавецкай прасторы, заклікаць да паглыбленьня эканамічных сувязяў. То бок звыкла і рутынна. Аднак спакойную атмасфэру падобных форумаў парушыў прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.

Такаеў раптам знайшоў канцэптуальную праблему ў існаваньні ў межах ЭАЭС Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. 23 гады існуе Саюзная дзяржава, 8 гадоў — Эўразійскі эканамічны саюз, і ніхто раней ня бачыў у гэтым ніякіх пытаньняў. А вось Такаеў убачыў і прапанаваў абмеркаваць.

У чым жа праблема, на думку Такаева?

«Гэта наяўнасьць у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу Саюзнай дзяржавы ў асобе Беларусі і Расеі. Канцэптуальная ідэалягічная аснова гэтага саюзу дастаткова сур’ёзная. Гэта ўзаемнае прызнаньне гістарычнай супольнасьці беларускага і расейскага народаў, прызнаньне культурнай, моўнай, рэлігійнай ідэнтычнасьці, гэта значыць прызнаньне наяўнасьці аднаго народу. Адзін народ — адна дзяржава.

У нас ёсьць у Эўразійскім эканамічным саюзе Саюзная дзяржава. Гэта значыць, у сусьветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або фэномэн, як хочаце. Стварэньне дзяржавы па формуле: дзьве краіны — адна дзяржава, з адзінай палітычнай, юрыдычнай, вайсковай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парлямэнтам. Ну, я прашу прабачэньня, і нават ядзерная зброя адна на дваіх зараз... Таму ёсьць іншы ўзровень інтэграцыі, прадстаўленай Казахстанам, Кіргізстанам, Армэніяй. І з гэтай рэальнасьцю нам трэба лічыцца. Як мы будзем працаваць у гэтых умовах?»

Найперш, ацэнка сытуацыі Такаевым не адпавядае рэальнасьці. Няма такой рэчаіснасьці, як «дзьве краіны — адна дзяржава». Дзяржаваў усё ж дзьве. Няма адзінай валютнай прасторы, бо Беларусь і Расея маюць свае валюты. Няма адзінага саюзнага ўраду і адзінага саюзнага парлямэнту. Няма моўнай ідэнтычнасьці.

Другі момант. Заяўляючы пра Беларусь і Расею як адзін народ і адну дзяржаву, Такаеў, па сутнасьці, адмаўляе існаваньне беларускай дзяржаўнасьці.

У чым жа Такаеў бачыць праблему? У тым, што Беларусі як дзяржавы няма, а суб’ект у рамках ЭАЭС ёсьць? І што кіраўнік гэтага суб’екта Аляксандар Лукашэнка прыяжджае на розныя саміты, выступае і, як старэйшына гэтага своеасаблівага клюбу, спрабуе нават вучыць, як змагацца з Захадам? Ці ў тым, што ў Беларусі і Расеі большая ступень інтэграцыі, чым у межах ЭАЭС? Але ідэя рознахуткаснай інтэграцыі атрымала легітымнасьць у ранейшых дакумэнтах Саюзу. Ці Такаева проста раздражняе Лукашэнка, і ён вырашыў такім тонкім спосабам паставіць яго на месца? Да канца не зразумела.

Цікава тое, што Лукашэнка, гледзячы па ягонай рэакцыі, быў вельмі задаволены такім пасажам Такаева і адразу паціснуў руку Пуціну. Маўляў, прэзыдэнт Казахстану пацьвердзіў, хто тут на постсавецкай прасторы галоўны інтэгратар і галоўны хаўрусьнік Расеі. А таго, што Такаеў фактычна адмовіў Беларусі ў дзяржаўнай суб’ектнасьці, Лукашэнка, здаецца, не ўлавіў. Як і тэлеграм-канал «Пул Первого», які з задавальненьнем запосьціў фрагмэнт выступу казахстанскага лідэра. Што таксама вельмі паказальна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG