Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод пяці загінулых пад Бахмутам беларускіх добраахвотнікаў быў Міраслаў Лазоўскі, заснавальнік «Белага легіёну»


Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота
Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота

Разьвітаньне з Лазоўскім пачнецца 26 траўня ў Кіеве ў 12:40.

17 траўня стала вядома, што беларускія добраахвотнікі панесьлі страты пад украінскім Бахмутам. Прэс-служба палка Каліноўскага паведаміла пра аднаго загінулага і чацьвярых зьніклых бязь зьвестак. Пазьней яны паведамілі, што ўсё пяць байцоў загінулі.

Як стала вядома Свабодзе, адным з загінулых пад Бахмутам быў заснавальнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.

Што вядома пра загінулага ва Ўкраіне Міраслава Лазоўскага

Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота
Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота

Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у 1995 годзе ўступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі. Сябры «Белага легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі ў справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.

У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў аб гісторыі Беларусі. Працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», якое зьліквідавалі ўлады ў студзені 2023 году.

У сакавіку 2017 году Міраслава Лазоўскага разам з больш як трыма дзясяткамі чалавек арыштавалі ў так званай «справе патрыётаў». Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 артыкулу 293 («Падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Затым дадалі артыкул 287 («Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»). За кратамі Лазоўскі правёў некалькі месяцаў, выйшаў на свабоду ў чэрвені. Крымінальная справа неўзабаве была прыпыненая, а пасьля закрытая.

Неўзабаве пасьля гэтага Міраслаў ажаніўся са сваёй дзяўчынай Сьвятланай. Пара выбрала для гэтага гадавіну бітвы пад Воршай 8 верасьня.

«Каб ніколі не забывацца на дзень шлюбу», — тлумачыў свой выбар Міраслаў у інтэрвію «Новаму часу».

Пасьля пратэстаў 2020 году Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, свайго удзелу ў баявых дзеяньнях не афішаваў.

Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота
Міраслаў Лазоўскі, архіўнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG