Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менчукоў, якія вывесілі бел-чырвона-белы і жоўта-блакітны сьцягі на ЛЭП, завялі справы паводле чатырох артыкулаў


Фота беларускага і ўкраінскага нацыянальных сьцягоў на ЛЭП. За вывешваньне іх шасьцярым менчукам пагражае турма
Фота беларускага і ўкраінскага нацыянальных сьцягоў на ЛЭП. За вывешваньне іх шасьцярым менчукам пагражае турма

У Менску завялі новую справу за салідарнасьць з Украінай.

Завадатарам групы ў Сьледчым камітэце назвалі 36-гадовага прадпрымальніка, пашыць сьцягі якому дапамагла яго знаёмая швачка. Іншыя пяць удзельнікаў — ягоныя аднагодкі.

Акрамя вывешваньня нацыянальных сьцягоў Беларусі і Ўкраіны, што кваліфікавалі артыкулам Крымінальнага кодэксу «злоснае хуліганства», некаторых фігурантаў абвінавацілі ў садзейнічаньні і фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці, даваньні грошай для экстрэмісцкага фармаваньня і публічнай абразе Лукашэнкі.

Пяцярых пакінулі пад вартай да суду. Дата пасяджэньня невядомая.

«Вясна» піша, што, напэўна, гаворка ідзе пра Ігара Цяпцеева, Юрыя Несьцярэнку, Віктара Грынько, Валерыя Балабешку, Уладзімера Савельева, Ігара Цікача.

У красавіку за вывешваньне бел-чырвона-белых і жоўта-блакітных сьцягоў у Беларусі ўжо асудзілі 5 чалавек.

Беларусы ў краіне і за мяжой з самага пачатку вайны ладзілі акцыі пратэсту супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Сотні людзей былі затрыманыя. Усе апошнія месяцы адбываецца перасьлед беларусаў, якія нейкім чынам выказаліся супраць вайны. У тым ліку затрымліваюць за вывешваньне сьцягоў.

У верасьні сілавікі затрымалі 5 менчукоў, якія на 19-павярховым доме па вуліцы Лесі Украінкі вывесілі беларускі і ўкраінскі нацыянальныя сьцягі.

Ёсьць ужо і асуджаныя за салідарнасьць з Украінай. Напрыклад, жыхар Новалукомля атрымаў 2,5 года «хіміі» за выявы сьцягоў на гармаце, якая стаіць на тэрыторыі вайсковага пахаваньня ў вёсцы Старыя Лаўкі Чашніцкага раёну.

У Бабруйску былі затрыманьні настаўніцы за жоўтую і блакітную стужкі ў валасах, і мужчыны за лямпадкі ў колерах украінскага сьцяга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG