Рэжым Аляксандра Лукашэнкі зьнішчае беларускую мову і культуру, падкрэсьліў у Брусэлі віцэ-прэм’ер Польшчы Пётр Гліньскі і заклікаў ЭЗ іх падтрымаць.
Міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы спаслаўся на паведамленьні дзеючых у Польшчы беларускіх арганізацыяў, якія прасілі ўлады ў Варшаве прыцягнуць увагу да гэтай праблемы на форуме ЭЗ.
Віцэ-прэм’ер заявіў, што беларуская мова ў Беларусі выцясьняецца з грамадзкай прасторы, з навучальных установаў, забараняюцца няўрадавыя арганізацыі, якія прапагандуюць мову і культуру:
— Лукашэнкаўскі рэжым імкнецца замяніць беларускую мову і беларускую культуру — расейскай культурай. Таму абмяжоўваецца навучаньне беларускай мове, выдаваньне беларускіх кніжак, беларускія мэдыя. Адзіным беларускім тэлебачаньнем зьяўляецца Белсат. Усё гэта вельмі ўстрывожвае.
Польшча лічыць неабходным распрацаваць супольны эўрапейскі плян дзеяньняў для падтрымкі намаганьняў па абароне беларускай мовы і культуры.