Выбраныя тэзісы з гутаркі:
- Гэты закон афармляе тое, што ўжо выкарыстоўвалася рэжымам, каб замацаваць кантроль над краінай і не дапусьціць, каб нейкая частка грамадзтва мела магчымасьць зьехаць зь Беларусі і казаць нешта непажаданае для ўлады. Рэжым жыве ў сытуацыі аблогі і надалей умацоўвае свае сьцены.
- Людзі, супраць якіх вядуцца адміністрацыйныя справы, разумеюць, што далей могуць быць справы крымінальныя, і таму робіцца ўсё, каб яны не маглі выехаць ніякім чынам.
- Раней рэжым казаў: «Зьяжджайце, усе нязгодныя. Мы вас зьнішчым, вы нам непатрэбныя». Казалі, што ёсьць нармальныя людзі, а ёсьць «лішнія, непатрэбныя» людзі. Цяпер яны зразумелі, што зьяжджае зашмат людзей, і ім трэба неяк спыніць гэты паток.
- КДБ цяпер можа афіцыйна ня выпусьціць любога чалавека, вырашыць ягоны лёс. Гэта дадатковы інструмэнт ціску. Такім чынам узмацняецца роля КДБ ва ўладнай сыстэме.
- Высокія чыноўнікі маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў і да сэнсытыўнай інфармацыі, у тым ліку пра здароўе Лукашэнкі. І ён не жадае дапусьціць, каб некаторыя зь іх зьехалі і пачалі казаць тое, чаго не павінны казаць, у ягоным разуменьні.
- Калі я працаваў у Берасьцейскім аблвыканкаме да 2020 году, чыноўнікі ніжэйшага і сярэдняга зьвяна спакойна езьдзілі ў Польшчу на закупы. Чыноўнікі – частка грамадзтва, звычайныя людзі, якім хацелася ў адпачынак за мяжу. Нехта выбіраў Эгіпет, а нехта ехаў і ў Эўропу.
- Гэтыя абмежаваньні не выклікаюць у чынавенства вялікай радасьці. Але ўжо з 2020 году яны пачалі разумець, куды гэта ўсё ідзе. Я не чакаю ад чыноўнікаў нейкіх крокаў у адказ на гэты закон. Максімум, што будзе, — нейкія крытычныя размовы ў курылках ці на кухнях.
- Улады разумеюць, што ў часе цяперашняй вайны нават цывільныя, якія працуюць у вайсковых і калявайсковых структурах, маюць шмат інфармацыі, якой непажадана дзяліцца зь іншымі краінамі. Сілавыя структуры кіруюцца загадамі. Тыя, хто будзе незадаволены, могуць звольніцца, але куды ім ісьці?
- Калі раптоўна ня стане Лукашэнкі, гэта ў любым выпадку будзе дэстабілізацыя сыстэмы, як бы яны ні прапісвалі ў паперах транзыт улады. І Расея цяпер ужо не такая моцная, якая была нават у 2020 годзе. Таму я гляджу на такі сцэнар больш-менш аптымістычна.
- Аднак найлепшы сцэнар, калі Расея рэальна захістаецца пасьля ўкраінскага контранаступу. Калі ня стане Лукашэнкі тады, дык вакно магчымасьцяў прачыніцца нашмат шырэй.