Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пачалі кампанію за захаваньне беларускай мовы як абавязковай для двух ліцэяў на Падляшшы


У Гайнаўскім ліцэі № 2. Архіўнае фота
У Гайнаўскім ліцэі № 2. Архіўнае фота

У Польшчы стварылі пэтыцыю за захаваньне цяперашняй сыстэмы адукацыі для беларускай меншасьці на Падляшшы.

Зварот накіруюць у Міністэрства адукацыі і навукі, а таксама ў Кураторыю асьветы ў Беластоку.

Кураторыя асьветы ў Беластоку хоча зьмяніць у статутах беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляскім палажэньні пра абавязковае вывучэньне беларускае мовы. Абодва ліцэі існуюць амаль 80 гадоў, яны ствараліся менавіта на патрэбы беларускай нацыянальнай меншасьці, адзначае Радыё Рацыя.

Некаторыя бацькі вучняў ліцэю ў Гайнаўцы (Падляскае ваяводзтва) сёлета ў лютым прапанавалі адмовіцца ад абавязковага вывучэньня беларускай мовы.

«Мы павінны абараніць наш ліцэй, — заявіла прадстаўніца бацькоўскай рады гайнаўскага ліцэю Дарота Раманюк. — Столькі гадоў функцыянаваньня гэтай установы, столькі выпускнікоў, зьвязаных з гэтым месцам, як са сваёй сям’ёй. Беларускі ліцэй, беларуская мова не перашкаджае, а дапамагае, каб гэтыя дзеці лепш разьвіваліся. Нельга ліквідоўваць ліцэй, трэба за яго змагацца».

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафэсар Алег Латышонак лічыць, што пытаньне беларускіх ліцэяў шчыльна зьвязанае з агульнай палітычнай сытуацыяй:

«Безумоўна, гэта палітычная справа, бо ўсё цяпер палітыка. А тут маем дачыненьне з школамі беларускай нацыянальнай меншасьці. Вядома, якія адносіны Польшчы і Рэспублікі Беларусі. Пра гэта сьведчаць лісты Сьвятланы Ціханоўскай, што гэта ўжо палітыка».

На сайце petycjeonline.com ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй да Падляскай кураторыі асьветы і Міністэрства адукацыі і навукі з просьбай захаваць цяперашні характар адукацыі беларускай меншасьці ў Польшчы. Яе ўжо падпісалі 15 беларускіх арганізацыяў.

«Гісторыя адукацыі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы — гэта некалькі дзясяткаў гадоў працы школ, настаўнікаў, бацькоў і вучняў..., —адзначаюць аўтары пэтыцыі. — Мы ня можам дапусьціць, каб рашэньні зьверху, навязаныя насуперак просьбам і заклікам асяродзьдзя, якога яны датычаць, пахавалі некалькі дзясяткаў гадоў працы, затармазілі разьвіцьцё і на практыцы прывялі да зьнішчэньня адукацыі беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.

Таму мы зьвяртаемся да Міністэрства адукацыі і навукі і Ўправы адукацыі Беластоку з заклікам спыніць дзейнасьць, накіраваную на зьмену характару выкладаньня беларускай мовы ў гімназіях Гайнаўкі і Бельску-Падляскага».

Сьвятлана Ціханоўская раней накіравала ліст міністру адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславу Чарнэку «з просьбай не дапусьціць ліквідацыі беларускіх ліцэяў на Падляшшы».

«Беларуская меншасьць у Польшчы заўсёды актыўна падтрымлівала рух да дэмакратычных перамен у Беларусі і ўнесла вялікі ўклад у захаваньне беларускай мовы і незалежнай беларускай культуры, якія сыстэматычна зьнішчаліся і зьнішчаюцца рэжымам Лукашэнкі», — зазначаецца ў лісьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG