Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З поціскам рукі, але без перамоваў. Ці мяняецца стаўленьне Зяленскага да Ціханоўскай


Зяленскі паціскае руку Ціханоўскай
Зяленскі паціскае руку Ціханоўскай

Сёньня ў нямецкім Ахэне прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі атрымаў прэмію Карла Вялікага. На цырымоніі прысутнічала леташняя ляўрэатка гэтай узнагароды, дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, якая была запрошаная адмыслова на сёлетнюю цырымонію.

Уладзімер Зяленскі паціснуў руку Сьвятлане Ціханоўскай, але размовы паміж палітыкамі не было.

Украінскі лідэр пацьвердзіў узровень кантактаў, якім ён быў і раней, а менавіта — мінімальны. Не адбылося нават кароткай размовы палітыкаў.

Між тым падзеі і заявы апошняга часу могуць сьведчыць пра пэўную карэкцыю палітыкі Ўкраіны адносна Беларусі.

Днямі прэзыдэнт Зяленскі заявіў, што 70% насельніцтва Беларусі — супраць Расеі ў яе вайне з Украінай: «Людзі, больш за 70% насельніцтва Беларусі сёньня супраць Расеі, засмучаныя вайной, падтрымліваюць Украіну. І гэта ўжо вялікая розьніца, значыць, нягледзячы на інфармацыйную палітыку і любыя наратывы, беларусы змагаюцца».

Ня будзем прыдзірацца да словаў украінскага лідэра. Паводле сацыялягічных апытаньняў, якія праводзіліся ў Беларусі, катэгорыі беларускага насельніцтва, якія ён аб’яднаў у сваёй заяве — насамрэч розныя. «Засмучаныя вайной» — дык хіба ня ўсе: не жадаюць, каб беларускае войска ў ёй удзельнічала — пад 90%, не падтрымліваюць Расею ў яе ваенных дзеяньнях — сапраўды каля 70%, падтрымліваюць Украіну — каля 40%.

Але Зяленскі — не акадэмічны навуковец, а палітык-практык, лідэр краіны, якая вядзе вайну. І важны сам па сабе факт, што ён упершыню зрабіў такую заяву, аддзяліўшы беларусаў ад гэтай вайны. Ён, праўда, і раней не казаў, што яны адказныя за яе, але зараз хіба не ўпершыню правёў рысу, у пэўным сэнсе дараваў ім удзел іх дзяржавы ў вайне.

Пра пэўную зьмену палітыкі сьведчыць і заява МЗС Украіны наконт удзелу лідэраў краінаў СНД у парадзе ў Маскве на 9 траўня: «Міністэрства замежных спраў Украіны разглядае ўдзел прэм’ер-міністра Армэніі і кіраўнікоў Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану ў вайсковым парадзе ў Маскве як амаральны і непрыязны крок у дачыненьні да Ўкраіны і праяву зьнявагі да ўкраінскага народу, які змагаецца за сваё выжываньне і свабоду».

Але ва ўрачыстасьцях у Маскве ўдзельнічаў і Аляксандар Лукашэнка. А чаму ж ён ня трапіў у сьпіс, чаму яго ўдзел не палічылі амаральным і непрыязным у дачыненьні да Ўкраіны? А таму, што лідэраў Армэніі і краінаў Цэнтральнай Азіі ў Кіеве разглядаюць, як легітымных кіраўнікоў сваіх дзяржаваў, здольных прымаць рашэньні паводле сваёй волі, хай у дадзеным выпадку, на думку МЗС Украіны, і кепскай, злой.

А Лукашэнка... А чаму ўкраінскае МЗС павінная турбаваць паездка ў Маскву шараговага грамадзяніна Беларусі А. Лукашэнкі? Хіба ён кіраўнік гэтай краіны, хіба рашэньне аб паездцы ён прымаў паводле сваёй волі, добрай ці злой?

Тое, што ён не згаданы ў заяве МЗС Украіны — адмоўны адказ на абодва пытаньні. Для Кіева ён не легітымны кіраўнік Беларусі і ад яго волі нічога не залежыць, і паездкі ў Маскву ў тым ліку.

Іншымі словамі, навідавоку пэўнае, большае, чым раней, дыстанцыянаваньне Кіева ад рэжыму Лукашэнкі: Зяленскі аддзяліў беларусаў ад вайны, МЗС Украіны ў пэўным сэнсе дало поўху Лукашэнку, ускосна даўшы зразумець, што не прызнае яго кіраўніком Беларусі.

Лаянка на адрас Зяленскага, паток абвінавачваньняў на адрас спэцслужбаў Украіны, прарасейская рыторыка беларускіх уладаў — насамрэч гэта ўсё ў Кіеве чуюць і на гэта рэагуюць. Але асымэтрычна.

Асымэтрыя палягае і ў тым, што ніякага істотнага падвышэньня статусу Сьвятланы Ціханоўскай пры гэтым не адбылося. Зяленскі падчас сваіх цяперашніх паездак і візытаў у Эўропу паціскае рукі сотням людзей. Вельмі часта гэта — проста жэст ветлівасьці, а не палітыка.

І абмен поціскамі рук з Ціханоўскай — гэта не сыгнал дзяржаўнаму апарату Ўкраіны, што цяпер яна — партнэр Кіева на беларускім накірунку.

Гэта, дарэчы, ня значыць, што партнэр — нехта іншы. Аддзяліць беларусаў ад вайны, паказаць Лукашэнку, што яго не паважаюць — гэтым, па сутнасьці, пакуль Кіеў і абмяжоўваецца.

А хто ўвасабляе тых 70% беларусаў, якія, паводле Зяленскага, супраць вайны, Расеі і за Ўкраіну? А пакуль ніхто. Там яшчэ ня вырашылі. І не выключаюць ніякіх варыянтаў адказу. У тым ліку і адказу: «Ніхто». Прынамсі, пакуль.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG