Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве скандал праз кантракт аб супрацы зь беларускай кампаніяй, якая робіць баявыя дроны


Беларускі бесьпілётнік. Ілюстрацыйнае фота
Беларускі бесьпілётнік. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер улады Літвы праводзяць праверку.

Літоўскі завод Sportinė aviacija ir Ko, які працуе ў горадзе Пацюнай і займаецца вытворчасьцю дронаў, падпісаў кантракт зь беларускай кампаніяй UAVOS аб праектаваньні крылаў для грузавога бесьпілётніка, здольнага несьці выбухоўку, а таксама аб навучаньні беларускіх рабочых для арганізацыі сэрыйнай вытворчасьці.

Як паведаміў Літоўскаму радыё старшыня праўленьня Sportinės aviacijos ir Ko Сігітас Бесагірскас, кампанія UAVOS прадставілася амэрыканскай кампаніяй з офісамі ў Дубаі, Менску і іншых краінах і прапанавала кантракт.

«Мы сказалі ім нашу цану, яны пагадзіліся і перавялі аванс. Паводле кантракту, мы павінны былі навучыць іхных людзей масавай вытворчасьці такіх крылаў», — сказаў прадстаўнік літоўскага заводу.

Вартасьць кантракту склала 600 тысяч эўра. Яго рэалізацыю пакуль спынілі ад таго, што ў літоўскага банку, празь які ажыцьцяўляліся разьлікі, зьявіліся падазрэньні ў паходжаньні плацяжоў, якія ажыцьцяўляліся з Дубаю.

У матэрыяле адзначаецца, што кампанія UAVOS можа быць зьвязана зь дзяржаўным прадпрыемствам Беларусі «Кванд ІС», якую ачольвае Сяргей Тыцык. Менавіта ён рэкамэндаваў кампаніі UAVOS літоўскае прадпрыемства для супрацы.

Журналісты высьветлілі, што нібыта амэрыканская кампанія UAVOS і беларуская «Кванд ІС» зарэгістраваныя па адным адрасе ў Менску. Украінскае выданьне Defence Express раней паведамляла, што прадпрыемства «Кванд ІС» магло ўдзельнічаць у адным з маршрутаў паставак іранскіх бесьпілётнікаў.

Кіраўнік беларускага прадпрыемства Сяргей Тыцык неаднаразова наведваў Літву пасьля ўвядзеньня санкцый у сувязі з падтрымкай Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны. Цяпер у Літве вядуць праверку, як гэта стала магчыма.

«Цяпер мы нічога ня робім для гэтай кампаніі. Калі стала зразумела, што за ёй стаяць беларусы, зьвярнуліся ва Ўпраўленьне бясьпекі. Калі ўкраінец загіне ад адной з нашых дэталяў, гэта будзе кармай на ўсё жыцьцё. Такога ніхто ня хоча», — запэўніў старшыня праўленьня Sportinės aviacijas ir Ko Сігітас Бесагірскас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG