Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваць адных, каб баяліся іншыя. Навошта Лукашэнку зьдзекі з палітвязьняў


Чаму з палітвязьняў зьдзекуюцца ў турмах і калёніях, караюць штрафнымі ізалятарамі, пазбаўляюць перапіскі? Як здарылася, што ў шпіталь з цялеснымі пашкоджаньнямі трапіў удзельнік прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, вязень Наваполацкай калёніі Віктар Бабарыка?

Сваё тлумачэньне ў калёнцы на партале «Зеркало» прапануе Юры Дракахруст.

Многія зьвярнулі ўвагу на эпізод, калі падчас нядаўняга суботніка Аляксандр Лукашэнка падараваў прапагандысту Рыгору Азаронку кувалду. Кувалдай, нагадаем, у расейскай ПВК «Вагнер» караюць сьмерцю тых, каго лічаць здраднікамі. Падарунак, публічна ўручаны Азаронку — сымбаль цяперашняй палітыкі, якую ўлада праводзіць у дачыненьні да сваіх палітычных апанентаў.

Можна пералічваць шмат прычын гэтага, але як мінімум дзьве відавочныя.

Першая — Мачулішчы, атака на расейскі самалёт А-50. Прыклала руку да гэтага СБУ ці не — пытаньне складанае (хутчэй так, чым не), але ў любым выпадку ўдзельнічалі ў дывэрсіі і беларусы, жыхары Беларусі. І выявілася, што ня ўсе зьмірыліся, ня ўсе схаваліся па норах, што ёсьць нейкія падпольныя структуры, здольныя да рашучых дзеяньняў.

І другая прычына — гэта правал кампаніі вяртаньня палітычных уцекачоў. Ладзілася яна зь вялікім шумам і помпай, падавалася як бязьмежная літасьць улады да тых, хто аступіўся.

Што ўжо Лукашэнку расказвалі пра жыцьцё эмігрантаў — сказаць цяжка, напэўна, што галадаюць, пад мостам начуюць, прыбіральні мыюць. І вось папярэднія вынікі. Паводле самых сьціплых падлікаў, краіну ў 2020-2023 гадах пакінулі ад ста тысяч да некалькіх соцень тысяч чалавек. Ня ўсе зь іх зьехалі па выразных палітычных матывах, але многія — менавіта па іх. Паводле паведамленьняў камісіі Шведа-Азаронка, з прашэньнямі аб прабачэньні і вяртаньні зьвярнуліся прыкладна паўсотні эмігрантаў. Гэта кропля ў моры.

Шмат пісалася і гаварылася, што пры тых умовах вяртаньня, якія прапанавала ўлада, вынік і ня мог быць іншым. Але суб’ектыўна для ўлады такія вынікі — пацьверджаньне, што «зьбеглыя» не зьмірыліся, не раскаяліся, што «закаранелі ў злачынствах» пад сваімі мастамі ў эўрапэйскіх гарадах.

Закаранелі тыя, што зьехалі і не жадаюць вяртацца. Дык, пэўна, і тыя, што ня зьехалі — таксама. Адсюль выснова: яшчэ больш старанна «зачышчаць», шукаць і знаходзіць кожнага, хто схаваўся. Гэта, уласна кажучы, і раней рабілася. І тэрміны давалі — ужо як пры Сталіне.

Здавалася б, якія яшчэ рэзэрвы запалохваньня не скарыстаныя? А паказаць незадаволеным, нязгодным, якімі будуць доўгія гады, якія яны правядуць за кратамі. Ну, вось і паказваюць.

Сыстэмнасьць, узгодненасьць больш жорсткага рэжыму ўтрыманьня палітвязьняў сьведчаць аб тым, што гэта, хутчэй за ўсё, проста выкананьне прамога загаду.

Але да таго ж работнікі беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы — людзі кемлівыя. Яны здольныя ўспрымаць і ўскосныя сыгналы, яны чуюць, якія агульныя ўстаноўкі да іх даводзяць і на службовых нарадах, і ў публічных прамовах. І што азначае тая ж кувалда, падораная Азаронку, яны добра разумеюць.

Разумеюць, што зараз у іх працы перагнуць немагчыма наогул. А вось за «недагнуць» па галоўцы не пагладзяць. Могуць і кувалдай.

Дык лепей ужо яны кувалдай, чым іх — разважаюць яны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG