Пра гэта па выніках тэлефонных перамоваў з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам напісаў у Тэлеграме прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Мір з тэрытарыяльнымі кампрамісамі немагчымы», — падкрэсьліў украінскі лідэр.
Прэсавы сакратар Зяленскага Сяргей Нікіфараў у сваю чаргу паведаміў, што ўкраінскі і кітайскі мірныя пляны знайшлі агульныя кропкі судакрананьня — у прыватнасьці па пытаньні неўжываньня ядзернай зброі.
Першую з пачатку вайны размову Зяленскага і Сі віталі ЗША. Каардынатар у стратэгічных камунікацыях Рады нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі назваў перамовы добрай навіной. Разам з тым, пакуль невядома, ці прывядзе кантакт да прагрэсу ў мірным урэгуляваньні, зазначаюць у Вашынгтоне.
МЗС Расеі заявіла, што Масква бачыць гатоўнасьць Пэкіну прыкладаць намаганьні для наладжваньня перагаворнага працэсу па Ўкраіне. Пры гэтым прадстаўнік міністэрства Марыя Захарава ў афіцыйным камэнтары ведамства паведаміла, што «кіраваны Вашынгтонам Кіеў наўрад ці можа адэкватна ўспрыняць заклікі да міру».
Сі па выніках перамоваў заявіў, што Кітай будзе рашуча спрыяць перамоўнаму працэсу і спыненьню агню ў найкарацейшыя тэрміны.
Акрамя таго, Пэкін паведаміў, што адправіць у Кіеў сваю дэлегацыю для перамоваў аб урэгулявання ўзброенага канфлікту Расеі з Украінай. Паводле папярэдніх зьвестак, узначаліць місію КНР можа былы кітайскі амбасадар у Маскве Лі Хуэй.