Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча забараніла імпарт збожжа з Украіны дзеля аховы ўласнай сельскай гаспадаркі


Элеватар ва Ўкраіне
Элеватар ва Ўкраіне

15 красавіка, польскі ўрад забараніў імпарт збожжа і іншых прадуктаў харчаваньня, гаворыцца ў заяве кіраўніка партыі «Права і справядлівасьць» Яраслава Качыньскага. Паводле яго, краіна гатовая вырашаць пытаньне збожжа з Украіны праз міжурадавае пагадненьне. Забарона дзейнічае да 30 чэрвеня.

Як узьнікла праблема

Пасьля таго, як Расея заблякавала чарнаморскія парты Ўкраіны, узьніклі асьцярогі, што традыцыйныя рынкі, якія атрымлівалі ўкраінскае збожжа, ня знойдуць яму замену. Найбольш востра гэта праблема датычыцца краін Афрыкі.

У выніку кіраўніцтва Эўразьвязу пераканала Польшчу выступіць у якасьці галоўнага наземнага перавалачнага вузла для ўкраінскага збожжа, каб дастаўляць харчы па сушы празь яе тэрыторыю. Збожжа таксама экспартуецца праз Румынію.

Чым не задаволеная Польшча

Reuters адзначае, што вялікая колькасьць украінскага збожжа, якое таньнейшае за збожжа, вырабленае ў ЭЗ, не пайшло далей, а асела ў краінах Цэнтральнай Эўропы, ударыўшы па цэнах і продажах мясцовых фэрмэраў.

5 красавіка міністар сельскай гаспадаркі Польшчы Генрык Кавальчык падаў у адстаўку на тле росту незадаволенасьці фэрмэраў уплывам украінскага імпарту збожжа на цэны.

Рэакцыя Ўкраіны

Ва Ўкраіне кажуць, што рашэньні польскага боку «супярэчаць дамоўленасьцям».

«Тыдзень таму мы дамовіліся, што чатыры культуры: пшаніца, кукуруза, насеньне сланечніка і рапсу будуць праходзіць праз Польшчу толькі транзытам да 1 ліпеня 2023 году. На гэтым тыдні мы дасягнулі дамоўленасьці па разьвіцьці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі і вырашэньні лягістычных задач і ўзгаднілі тэкст Мэмарандуму аб узаемаразуменьні», – заявілі ў Міністэрстве аграпалітыкі Ўкраіны.

Як зьбіраюцца вырашаць

Паводле Качыньскага, Польшча гатовая ў любы момант пачаць перамовы па ўрэгуляваньні гэтага пытаньня ў форме міждзяржаўнага пагадненьня. Качыньскі дадаў, што гаворка ідзе пра «фундамэнтальныя рэчы» – будзе праводзіцца агульны закуп імпартаванага з Украіны збожжа, якое ляжыць на польскіх элеватарах і складах.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністар Польшчы Марыюш Маравецкі абмеркавалі сытуацыю з украінскім збожжам у Польшчы падчас візыту Зяленскага ў Варшаву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG