Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўсьлед за Францыяй заклікалі Кітай паўплываць на Расею, каб тая спыніла вайну супраць Украіны


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікаў Кітай пераканаць Расею паважаць сувэрэнітэт Украіны.

Энтані Блінкен заклікаў Кітай скарыстацца сваім уплывам на Расею, ён заявіў, што Пэкін павінен пераканаць Маскву паважаць суверэнітэт Украіны. Выступаючы на тэлеканале Euronews, Блінкен заявіў, што некаторыя зь мірных прапаноў, выстаўленых Кітаем, маюць пазытыўны характар.

«Але менавіта самы першы элемэнт іхных прапаноў, сувэрэнітэт, павінен быць у цэнтры ўвагі, — указаў ён. — Кітай павінен засяродзіцца на тым, каб пераканаць Расею сапраўды паважаць сувэрэнітэт Украіны і вярнуць тэрыторыі, захопленыя сілай у парушэньне Статуту ААН, у парушэньне сувэрэнітэту Ўкраіны».

Аднак, на думку Блінкена, Кітай спрабуе ўседзець на двух крэслах.

«Ён хоча спрабаваць выглядаць змагаром за мір і ў той жа час працягвае падтрымліваць Расею самым розным чынам — рытарычна, прасоўваючы яе аргумэнты ў міжнародных інстытутах, распаўсюджваючы расейскую прапаганду аб агрэсіі, і нават, як мы ўжо казалі некалькі тыдняў таму, разглядае магчымасьць аказаньня Расеі дапамогі сьмяротнага характару», — сказаў кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі.

«Я спадзяюся і разьлічваю на тое, што Кітай ня пойдзе на гэты крок», — дадаў ён.

Блінкен заявіў, што адносіны Кітая з Расеяй даюць яму пэўныя рычагі ўплыву.

«Расея ўсё больш залежыць ад Кітая, — працягнуў ён. — Яна малодшы партнэр у гэтых адносінах, і яна ўсё больш залежыць ад Кітая. Таму мы спадзяёмся, што Кітай выкарыстае той голас, які ёсьць у яго ў адносінах з Расеяй... для руху да справядлівага і трывалага міру».

«Найперш трэба дакладна даць зразумець, што гэтая расейская агрэсія непрымальная, што Расея проста ня можа захопліваць тэрыторыю іншай краіны сілай беспакарана, — сказаў Блінкен. — І калі Кітай прытрымліваецца базавых прынцыпаў, якія ляжаць у аснове Статуту ААН, якія зьвязваюць усіх нас разам, то ён павінен адстойваць гэтыя прынцыпы і рабіць усё, каб Расея зразумела, што яе дзеяньні проста непрымальныя».

Блінкен выступіў з гэтымі заявамі ў той час, як прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон наведаў Пэкін у суправаджэньні старшыні Эўракамісіі Ўрзулі фон дэр Ляен, што павінна было прадэманстраваць адзінства Эўропы па Ўкраіне.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Вэдант Патэль заявіў, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн размаўляў з Макронам перад яго паездкай, і падчас гэтай тэлефоннай размовы яны пацьвердзілі нязьменную падтрымку Украіны з боку ЗША і Францыі.

«ЗША і Францыя падзяляюць заклапочанасьць з нагоды выкліку, які КНР кідае міжнароднаму парадку, заснаванаму на правілах, у тым ліку праз падтрымку Пэкінам вайны Расеі супраць Украіны, якая працягваецца», — сказаў Патэль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG