У Белавескай пушчы скончылі зімовы ўлік зуброў: на пачатак году колькасьць статку склала 730 асобін — на 27 больш, чым летась. Такая інфармацыя апублікаваная на сайце нацыянальнага парку «Белавеская пушча».
Працаёмістыя работы падліку зуброў праводзіліся ў студзені–сакавіку з дапамогай аптычных сродкаў назіраньняў і мэтадам фатаграфаваньня з квадракоптара. Вынікі сьведчаць аб тым, што тэндэнцыя штогадовага павелічэньня колькасьці зуброў у Белавескай пушчы захоўваецца.
На працягу 2022 года тут нарадзіліся 103 цяляці. Большую частку зубрынага статку (51,2%) складаюць дарослыя самкі, старэйшыя за 3,5 года, — іх налічылі 374. Пятую частку (21%) — маладняк ад паўтара да 3,5 года. Дарослых самцоў старэйшых за 3,5 года, налічылі 100 асобін (13,7%).
Папуляцыя па-ранейшаму разьмеркавана па пяці асноўных тэрытарыяльных групоўках. Самы шматлікі статак абгрунтаваўся ў паўднёвай частцы пушчы (Сухапольскае, Шарашэўскае, Ясеньскае, Пашукоўскае, Каралева-Мастоўскае лясьніцтва) — там пражываюць 323 зубры. Паўднёва-заходнюю групоўку (Бялянскае, Дзьмітравіцкае лясьніцтва) утвараюць 134 жывёлы. Паўночна-ўсходнюю (Навадворскае, Поразаўскае лясьніцтва) — 142 асобіны. Менш за ўсё зуброў налічваецца ў цэнтральнай (Хвойніцкае лясьніцтва) і паўночнай (Сьвіслацкае лясьніцтва) частцы пушчы — 67 і 56 асобін адпаведна.
Акрамя таго, 8 зуброў утрымліваюць у экскурсійных вальерах.
У польскай частцы Белавескай пушчы на пачатак 2023 года налічвалася 829 зуброў, у тым ліку 138 цялят.
Як плот на мяжы пагражае зубрам і іншым жывёлам
Летась Польшча завяршыла будаўніцтва сьцяны на мяжы зь Беларусьсю, супраць узьвядзеньня якой выступілі шэраг беларускіх і польскіх эколягаў. Яны сьцьвярджалі, што загарода стане перашкодай для натуральнай міграцыі жывёлаў, заблякуе шляхі мядзьведзяў, зуброў, ваўкоў, аленяў і ласёў. «Калючка» паўзьверх плота будзе пагрозай для птушак. Зубры, напрыклад, ня здолеюць выкарыстаць месцы для ацёлу, для кармавой базы, ня будзе абмену генамі.
Паводле эколягаў, новая сьцяна можа аказваць нэгатыўны ўплыў на папуляцыі жывёлаў і празь дзесяцігодзьдзі.
У памежнай службе Польшчы агароджы адзначалі, што ў ёй прадугледзілі 24 вялікія праходы для пропуску буйных жывёлаў, а таксама 140 тысяч «дзірак» для дробных.