Запуск другога энэргаблёку Беларускай АЭС, «які, магчыма, няспраўны, — гэта яшчэ адзін элемэнт ядзернага шантажу [Аляксандра] Лукашэнкі», лічыць дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
«Будаўніцтва і бясьпека АЭС не абмяркоўваліся ні ў нашым грамадзтве, ні з суседнімі краінамі. Гэта падвяргае ўсю Эўропу рызыцы ядзернай катастрофы», — напісала палітык у Twitter.
25 сакавіка Міністэрства энэргетыкі абвясьціла пра вывад другога блёку БелАЭС на «мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасьці».
31 сакавіка стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Літвы накіравала ў беларускае зьнешнепалітычнае ведамства ноту пратэсту праз чаканы запуск гэтага аб’екта. Вільня запатрабавала неадкладна спыніць праект «да вырашэньня ўсіх міжнародных пытаньняў, выяўленых падчас місій і праверак пытаньняў ядзернай бясьпекі».
«Падрыхтоўка Беларусі да пуску другога няспраўнага энэргаблёку АЭС з утойваньнем ад грамадзкасьці інцыдэнтаў і дэфэктаў, а таксама пагрозы прэзыдэнта Расеі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі сьведчаць пра безадказныя паводзіны дыктатарскіх рэжымаў у дачыненьні да ядзернай энэргіі і становяць ядзерную пагрозу для ўсяго рэгіёну», — падкрэсьліў міністар замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс.
У праекце Беларускай АЭС «яшчэ шмат нявырашаных пытаньняў бясьпекі, такіх як узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе і насельніцтва Літвы, забесьпячэньне культуры бясьпекі і выкананьне міжнародных рэкамэндацый»,— гаварылася ў прэс-рэлізе літоўскага МЗС.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Горадзенская вобласьць) пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генэральным праектантам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ», якая зьяўляецца галаўной арганізацыяй «Росатома».
Досьледна-прамысловая эксплуатацыя першага блёку пачалася ў лістападзе 2020 году, камэрцыйная — у чэрвені 2021-га.
Другі энэргаблёк гатовы на 98 працэнтаў. Яго пробнае падключэньне да сеткі заплянавана на красавік, увод у прамысловую эксплуатацыю — на кастрычнік гэтага году.