Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На захопленай расейцамі Запароскай АЭС засталіся толькі 2 тысячы ўкраінскіх супрацоўнікаў. Усе блёкі спыненыя


Уезд на тэрыторыю Запароскай АЭС. Архіўнае фота 2022 году
Уезд на тэрыторыю Запароскай АЭС. Архіўнае фота 2022 году

«Знаходжаньне расейскага пэрсаналу на тэрыторыі Запароскай АЭС незаконнае. Украінскія органы іх усіх ідэнтыфікуюць, і кожнага, хто там зьяўляецца на станцыі, мы будзем прыцягваць да адказнасьці», гаворыцца ў заяве.

На Запароскай АЭС, якую расейскія войскі захапілі ў самым пачатку паўнавартаснага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, засталося толькі каля 2 тысяч украінскіх супрацоўнікаў.

«На Запароскай АЭС да акупацыі тэрыторыі працавалі каля 11 тысяч супрацоўнікаў. [...] Я магу сказаць, што вышэйшага кіроўнага пэрсаналу, які мае ліцэнзіі, там амаль не засталося, гэта значыць, тых кіраўнікоў, якія могуць законна ўхвальваць тыя ці іншыя рашэньні ў сфэры ядзернай бясьпекі, яны ня маюць доступу на тэрыторыю АЭС, паколькі акупанты заблякавалі ім доступ. Што тычыцца пэрсаналу, які кіруе ядзернымі ўстаноўкамі, ён яшчэ застаецца, але колькасьць яго недастатковая, каб эксплюатаваць станцыю», — сказаў Алег Корыкаў, выканаўца абавязкаў галоўнага дзяржаўнага інспэктара Ўкраіны ў ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы.

Паводле яго, гэта зьяўляецца «вельмі сур’ёзным парушэньнем правілаў ядзернай бясьпекі.

«Я нагадаю, што на АЭС усе шэсьць блёкаў спыненыя. Таму ліцэнзаванага пэрсаналу, які там пакуль застаецца, дастаткова для падтрыманьня Запароскай АЭС у спыненым стане. Там застаецца недзе да 2 тысяч украінскіх супрацоўнікаў», — удакладніў Корыкаў.

Выконваючы абавязкі галоўнага дзяржаўнага інспэктара Ўкраіны ня змог назваць прыкладную колькасьць расейскага пэрсаналу, які прывезьлі ў Энэргадар з расейскіх атамных станцый.

«Знаходжаньне расейскага пэрсаналу на тэрыторыі Запароскай АЭС незаконнае. Украінскія органы іх усіх ідэнтыфікуюць, і кожнага, хто там зьяўляецца на станцыі, мы будзем прыцягваць да адказнасьці як асобу, якая бярэ ўдзел ва ўзброеным захопе і прысабечваньні Запароскай АЭС, якая належыць Украіне», — падкрэсьліў Алег Корыкаў.

29 сакавіка Запароскую АЭС наведаў кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі. Знаходзячыся на падкантрольнай Маскве тэрыторыі, Гросі заявіў расейскім СМІ, што сытуацыя на станцыі не палепшылася, што баі паблізу ўзмацніліся і што трэба вызначыць рэалістычныя спосабы, як зьнізіць пагрозу катастрофы.

6 лютага стала вядома, што на Запароскую АЭС прыбыў пэрсанал з расейскай Калінінскай атамнай электрастанцыі, у тым ліку інжынэры па кіраваньні рэактарамі, начальнікі зьмен, электрасьлесары і прадстаўнікі іншых атамных прафэсій.

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG