Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Дзянісу Івашыну ў калёніі скарацілі норму атаваркі; Марыя Калесьнікава, магчыма, у ПКТ


Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

У Беларусі 28 сакавіка 1467 чалавек прызнаныя палітычнымі зьняволенымі (паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна»).

Журналісту Івашыну скарацілі норму атаваркі ў калёніі

Пра гэта напісала жонка журналіста Вольга. Яна паведаміла, што цяпер яму дазволена атаварвацца ў турэмнай краме толькі на дзьве базавыя велічыні (74 рублі) замест пяці.

Звычайна такія абмежаваньні ўжываюцца ў дачыненьні тых вязьняў, якіх адміністрацыя прызнае «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Таксама Вольга піша, што Дзяніс хацеў атрымаць падпіску на газэту «Белорусы и рынок», бо ня ведаў, што выдавецтва спыніла сваю працу пасьля пазбаўленьня рэгістрацыі.

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і затым абвінавацілі паводле арт. 365 (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). 14 верасьня 2022 Горадзенскі абласны суд вынес вырак: 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 4800 рублёў. Івашын таксама мусіць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя, невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Разам са штрафам гэта 22 800 беларускіх рублёў, або звыш 9000 даляраў. Судзьдзя — Валер Раманоўскі.

Дзяніс Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі. Таксама Івашын валянтэрыў як рэдактар сайту міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».

Калесьнікава, пэўна, у ПКТ

Зьявілася інфармацыя пра тое, што Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

ПКТ — гэта спэцыяльная камэра, куды пераводзяць вязьняў у якасьці спагнаньня за злосныя парушэньні вызначанага парадку калёніі.

Там вязьні маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасьці месяцаў, мець штодзённы шпацыр працягласьцю 30 хвілін і хадзіць на працу.

У верасьні 2020 году каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG