Пяць гадоў таму ўлады дазволілі шырокае адзначэньне 100-годзьдзя БНР у цэнтры Менску. Магчымасьць слова тады атрымалі розныя людзі, Свабода паглядзела, як склаўся іхны лёс потым.
25 сакавіка 2018 году дзяржава пайшла на тое, каб дазволіць сьвяткаваньне 100-годзьдзя незалежнасьці БНР у цэнтры Менску. Арганізатарам выдзелілі пляцоўку ў сквэры ля тэатру опэры і балету, недалёка ад Нямігі.
У той дзень на сьвяце адбыўся канцэрт беларускіх гуртоў, а таксама выступалі вядомыя людзі. Паводле падлікаў арганізатараў, на падзею сабралася да 50 тысяч чалавек. Свабода ўспомніла, хто пяць гадоў таму выступаў ля Опэрнага, што яны тады гаварылі. Расказваем таксама, як лёс гэтых людзей склаўся потым.
Юры Зісер: «Ідэалягічныя гета ня маюць посьпеху»
«Найноўшая гісторыя нашай краіны паказала, што ідэалягічныя гета ў нас ня маюць посьпеху. Яны толькі разьядноўваюць нас і робяць нацыю слабой. Толькі ідэі, якія нас усіх аб’ядноўваюць, адгукнуцца ў нашых душах і змогуць увасобіцца ў жыцьцё. Для гэтага трэба разьвіваць грамадзтва самастойна, па ўласнай ініцыятыве, сваімі сіламі паляпшаць сваё жыцьцё і ўсю нашу краіну. Гэта цяпер самая важная, самая актуальная нацыянальная ідэя. Памятаючы аб гэтых дзьвюх рэчах — незалежнасьці краіны і грамадзянскай супольнасьці, — мы заўсёды будзем мець надзейны арыентыр у палітыцы, ідэалёгіі, культуры, мэдыя, эканоміцы, бізнэсе, усіх сфэрах жыцьця» (25 сакавіка 2018 году).
Як склаўся лёс: Заснавальнік парталу Tut.by памёр 17 траўня 2020 году пасьля працяглай анкалягічнай хваробы. Яму было 59 гадоў. 2020 год стаў шмат у чым вызначальным і для парталу. За асьвятленьне пратэстаў Tut.by пазбавалі статусу СМІ, а ў 2021 годзе супрацоўнікаў рэдакцыі масава затрымлівалі і заблякавалі сам сайт. Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву і гендырэктарку Людмілу Чэкіну сёлета асудзілі на 12 гадоў зьняволеньня. На сёньня сайту з назвай Tut.by не існуе, прадаўжальнікам яго справы зьяўляецца «Зеркало».
Сьвятлана Алексіевіч: «„Людзі на балоце“ выстаялі»
«Сёньня ў нас сьвята — мы сьвяткуем тое, што мы ёсьць. Асэнсоўваем тое, што мы ёсьць беларусамі. Беларусы ня раз маглі зьнікнуць у бездані імпэрый. Два стагодзьдзі зьнішчалася ўсё беларускае... Ужо ў савецкі час Сталін рабіў зь беларусаў рускіх. Сталін разумеў, што без нацыянальнай ідэі і мовы няма народу, таму зьнішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя. Але гэтыя „людзі на балоце“ выстаялі, выжылі. Ніколі не памірала народная душа» (25 сакавіка 2018, зварот зачытваўся).
Як склаўся лёс: у 2020 годзе Сьвятлана Алексіевіч стала сябрам прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Нобэлеўскую ляўрэатку выклікалі на допыты ў Сьледчы камітэт. Цяпер пісьменьніца жыве ў Нямеччыне, дзе працягвае сваю працу.
Зьміцер Дашкевіч: «Гэтую рэальнасьць не пасадзіць у камэры»
«Ёсьць і сумныя нагоды: сёньня ня ўсе могуць сьвяткаваць, дзясяткі патрыётаў па ўсёй Беларусі знаходзяцца ў камэрах, у тым ліку паэт Уладзімер Някляеў. Я ведаю тую камэру, у якой сядзіць Някляеў: у ёй завараныя вокны, каб было немагчыма дыхаць, там нельга курыць, але адміністрацыя адмыслова падкідвае падстаўным „качкам“ цыгарэты, каб яны палілі. Някляева заганяюць на другую нару шконкі. Купалу забілі ў 60, а ён лезе на нары ў 72. У яго ідзе кроў з носу, рэжымнікі сьмяюцца каля дзьвярэй, але ім гэтага мала. Зьбіраюцца генэралы, якія думаюць, як нашкодзіць, як дабіць, як выканаць загад. І яны прымаюць рашэньне: забраць асадку. Яны вырываюць аловак у паэта. Але слова жыве, слова Купалы сфармавала рэальнасьць, у якой мы жывём. Гэтую рэальнасьць не задушыць, не пасадзіць у камэры і не забраць» (25 сакавіка 2018).
Як склаўся лёс: удзельнічаў у абароне Курапатаў, штотыдзень прыходзіў да рэстарана «Поедем поедим» ля ўрочышча, неаднаразова затрымліваўся, каралі адміністрацыйным арыштам. Яго затрымаў ГУБАЗіК 23 сакавіка 2022 году, пасьля 15 дзён арышту перавялі ў СІЗА ў крымінальнай справе за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Прысудзілі 1,5 года зьняволеньня. Пакараньне адбывае ў калёніі ў Навасадах пад Барысавам. Жонцы Дашкевіча Насьце прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» паводле таго ж артыкулу.
Франак Вячорка: «З Баранавічаў будуць лятаць лоўкосты ў Бэрлін»
«Калі я ехаў зь Зялёнага Лугу сюды, то пабачыў на трох гаўбцах бел-чырвона-белыя сьцягі. Я адмыслова выйшаў за межы нашай пляцоўкі і ўбачыў людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, якія гулялі па горадзе. Мы сёньня можам сказаць: горад наш. Я ня буду сёньня гаварыць пра мінуўшчыну, а скажу пра будучыню. Давайце на хвілінку заплюшчым вочы і ўявім Беларусь празь 10, 20, 30 гадоў. Гэта будзе краіна, у якой Дзень Волі будзе дзяржаўным сьвятам і на Кастрычніцкай плошчы будзе 100 тысяч чалавек і новы, дэмакратычна абраны прэзыдэнт будзе прымаць віншаваньні з усяго сьвету. Гэта будзе горад і краіна, якія будуць адносіцца да эўрапейскай супольнасьці. З Баранавічаў будуць лятаць лоўкосты ў Бэрлін і Стамбул, сюды прыйдуць міжнародныя арганізацыі і прадпрыемствы, наш пашпарт з Пагоняй падымецца ў рэйтынгу пашпартоў, і ўсе будуць марыць стаць беларусамі» (25 сакавіка 2018).
Як склаўся лёс: ад верасьня 2020 году Франак Вячорка зьяўляецца дарадцам лідэркі дэмакратычных сілаў Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных пытаньнях. Вячорка суправаджае Ціханоўскую ва ўсіх замежных паездках.
Алесь Ліпай: «Браты і сёстры, мы пра вас помнім»
«Якімі б не здаваліся цяжкімі, цяжкадасягальнымі мэты, трэба проста ўставаць і ісьці да іх. Трэба проста рабіць сваю справу. І дзякуй бацькам-заснавальнікам БНР за гэты ўрок. Мы, сёньняшнія грамадзяне Беларусі, павінны дзеля памяці нашых землякоў проста рабіць сваю справу — і разам, і паасобку. Апошнімі днямі былі затрыманыя і кінутыя за краты дзясяткі нашых суайчыньнікаў, патрыётаў Беларусі. Давайце выкажам падтрымку і салідарнасьць зь імі. Браты і сёстры, мы вас помнім, вашая воля для нас такая ж сьвятая, як і нашая ўласная» (25 сакавіка 2018).
Як склаўся лёс: Заснавальнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай памёр 23 жніўня 2018 году. За два месяцы да яго сьмерці Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў правёў ператрусы ў кватэрах Ліпая ў крымінальнай справе за ўхіленьне падаткаў. 18 жніўня 2021 году сілавікі правялі ператрусы і канфіскацыі ў офісе БелаПАН, заблякавалі сайт. Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына цяпер асуджаная да 4 гадоў зьняволеньня, былы дырэктар агенцтва Дзьмітры Наважылаў — да 6, былы намесьнік гендырэктара Андрэй Аляксандраў — да 14. Леўшыну і Наважылава засудзілі за стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня», Аляксандрава, апроч гэтага, за «здраду дзяржаве, нявыплату падаткаў і падрыхтоўку грамадзян да ўдзелу ў пратэстах».
Сяргей Лепін: «Не бывае любові да радзімы безь любові да народу»
«Не бывае сапраўднай любові да радзімы безь любові да яе народу. А любоў да народу — гэта не любоў да нейкай ідэальнай выдуманай існасьці, якую кожны інтэрпрэтуе на свой уласны лад. Гэта любоў да бліжняга, да сукупнасьці людзей, якія акружаюць нас ва ўсёй разнастайнасьці, рэлігійнай прыналежнасьці, нацыянальнасьці, палітычных поглядаў, матэрыяльнага дабрабыту і сацыяльнага статусу, узроўню адукацыі і культуры і нават маральных вартасьцяў. Шануйце вобраз Бога ў кожным чалавеку і шануйце Беларусь перш за ўсё ў сваім бліжнім. Мяжа паміж свабодай і несвабодай праходзіць па сэрцы кожнага чалавека. Няшмат карысьці са зьнешняй свабоды здабудзе чалавек, які зьяўляецца рабом сваіх страсьцей, поўны нянавісьці, злосьці і лжы» (25 сакавіка 2018).
Як склаўся лёс: на той момант Сяргей Лепін займаў пасаду старшыні Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы. У лістападзе 2020 году айцец Лепін асудзіў барацьбу дзяржавы супраць мэмарыялаў памяці забітага Рамана Бандарэнкі, назваўшы яе «сатанінскай». Літаральна праз тыдзень ён мусіў напісаць заяву аб звальненьні з пасады прэс-сакратара. Цяпер айцец Лепін — настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы ў Ракаве.
Лідэры апазыцыйных партый зачыталі Трэцюю Ўстаўную грамату
Трэцюю Ўстаўную грамату БНР, якая абвяшчала аб незалежнасьці, зачыталі чатыры лідэры дэмакратычных партый і рухаў: Анатоль Лябедзька (АГП), Ігар Барысаў (БСДП), Рыгор Кастусёў (Партыя БНФ) і Юрась Губарэвіч (рух «За свабоду»).
Як склаўся лёс: старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва арыштавалі ў красавіку 2021 году ў «справе аб змове». Разам зь ім у справе праходзілі Юрась Зянковіч і Аляксандар Фядута. Кастусёва асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня, пакараньне ён адбывае ў калёніі ў Івацэвічах. Анатоль Лябедзька, Ігар Барысаў і Юрась Губарэвіч цяпер у эміграцыі ў Літве, Бэльгіі і Польшчы адпаведна.
Алена Анісім: «...І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі»
«Дык няхай жа сьвятло паходні, запаленай 100 гадоў таму нашымі папярэднікамі, каб асьвятліць шлях нашага народу з гістарычнай цемры і нябыту да незалежнасьці і дзяржаўнасьці, пранікне ў кожны беларускі дом. Няхай гэтае сьвятло напоўніць усіх беларусаў гонарам і нацыянальнай годнасьцю на наступныя 100 гадоў і спраўдзяцца словы народнага паэта Ніла Гілевіча: «...І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі» (25 сакавіка 2018).
Як склаўся лёс: На той момант Алена Анісім была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў і старшынёй Таварыства беларускай мовы. На парлямэнцкіх выбарах 2019 году Анісім нават не зарэгістравалі ў якасьці кандыдаткі. А ТБМ улады зьліквідавалі ў 2021 годзе ў рамках зачысткі НДА. На сёньня Анісім супрацоўніца Акадэміі навук.