Паведамляецца, што менскага сябра БСДП Аляксея Гаравога перавялі ў сьледчы ізалятар. Па якому артыкулу яго абвінавачваюць, невядома.
Аляксея Гаравога затрымаў ГУБАЗіК 20 лютага 2023 году на працы. Пасьля ператрусу ў менскай кватэры разам з жонкай даставілі ў міліцыю. Пазьней жонку адпусьцілі да малога дзіцяці, а Аляксея зьмясьцілі ў ізалятары на Акрэсьціна і пазьней асудзілі на 14 сутак за нібыта непадпарадкаваньне міліцыі.
6 сакавіка Аляксей ня выйшаў на волю. У Фрунзенскім РУУС Менска паведамілі, што яго забраў ГУБАЗік. На наступны дзень Аляксея зноў асудзілі на чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту і зноў за «непадпарадкаваньне».
Пазьней на праўладным ТГ-канале зьявілася відэа, запісаная пад прымусам сілавікоў, дзе Аляксей Гаравы расказвае, што ён нібыта пакідаў камэнтары ў адрас праваахоўнікаў.
А 15 сакавіка стала вядома пра затрыманьне яго бацькі гарадоцкага сацыял-дэмакрата Лявона Гаравога. У яго кватэры і кватэры маці адбыўся ператрус, а самога актывіста зьмясьцілі ў ізалятар Гарадоцкага РАУСа.
17 сакавіка суд прысудзіў Лявону Гаравому 15 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
У 2020 годзе Лявона Гаравога, хворага на цукровы дыябэт, затрымала міліцыя, яго на трое сутак і пакінулі бязь ежы. Гэта стала прычынай мікраінсульта, напісана на сайце прыхільнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі(Грамада).
Лявон Гаравы — вядомы ў Гарадку актывіст дэмакратычнага руху, журналіст і краязнаўца. Раней працаваў дырэктарам сельскай школы, быў дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў.