Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тры тыдні пэтыцыю з патрабаваньнем вызваліць Бяляцкага падпісалі больш за 61 тысячу чалавек


Акцыя беларусаў каля муралу, прысьвечанаму Алесю Бяляцкаму. Вільня, 3 сакавіка 2023
Акцыя беларусаў каля муралу, прысьвечанаму Алесю Бяляцкаму. Вільня, 3 сакавіка 2023

Першапачатковая мэта заключаецца ў зборы 75 тысяч подпісаў. Іх плянуюць перадаць у беларускую амбасаду ў Нямеччыне.

Пэтыцыю з патрабаваньнем вызваліць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году, заснавальніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязьняў падпісалі 61,6 тыс. чалавек за тры тыдні.

На гэты момант мэта заключаецца ў зборы 75 тысячы подпісаў. Кампанію ініцыявала нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя Libereco.

«Мы заклікаем кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь неадкладна спыніць запалохваньне, перасьлед і турэмнае зьняволеньне мірных дэманстрантаў, актывістаў апазыцыі, праваабаронцаў, студэнтаў і прадстаўнікоў СМІ», — гаворыцца ў пэтыцыі.

«Утрыманьне ў турме палітычных зьняволеных і перасьлед палітычных дысыдэнтаў зьяўляюцца сур’ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека, якія Беларусь як дзяржава – удзельніца Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязалася захоўваць», — падкрэсьліваюць аўтары.

Яны «хацелі б нагадаць дыпляматычным прадстаўнікам Рэспублікі Беларусь аб міжнародных абавязаньнях іх краіны і заклікаць беларускія ўлады прадаставіць асноўныя правы чалавека на свабоду выказваньня думак, сходаў і асацыяцый усім людзям у Беларусі без абмежаваньняў».

Подпісы плянуецца перадаць у беларускую амбасаду ў Нямеччыне.

У кастрычніку мінулага года Libereco ініцыявала збор 100 тыс. подпісаў грамадзянаў розных краін пад пэтыцыяй з патрабаваньнем вызваліць Бяляцкага і іншых палітвязьняў. Пэтыцыю перадалі ў тое ж пасольства.

3 сакавіка суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў Бяляцкаму 10 гадоў зьянволеньня, ягонаму намесьніку і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціну Стэфановічу — 9, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзіміру Лабковічу — 7 (усе яны за кратамі з 14 ліпеня 2021 году). Праваабаронцу Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, завочна асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня.

Судзьдзя Марына Запасьнік таксама пастанавіла спагнаць з праваабаронцаў больш за 1,2 млн рублёў.

Фігурантаў справы абвінавачвалі ў кантрабандзе — незаконным перамяшчэньні праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 КК) і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 2 арт. 342).

Прадстаўнікі дэмакратычных краін і шэрагу міжнародных арганізацый асудзілі прысуд праваабаронцам.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

XS
SM
MD
LG