Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) адзначаюць зьніжэньне тэмпу расейскіх апэрацый ва Ўкраіне.
«За апошні тыдзень расейскія войскі дасягнулі толькі мінімальных тактычных посьпехаў уздоўж усёй лініі фронту ў Луганскай вобласьці, а ўкраінскім войскам, імаверна, нядаўна ўдалося правесьці контратакі і вярнуць некаторыя тэрыторыі ў Луганскай вобласьці», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
Адначасова экспэрты зьвярнулі ўвагу на прыкметнае зьніжэньне расейскіх атак у раёне Бахмута.
«Нядаўнія дасягненьні групы „Вагнэр“ на поўнач ад Бахмута сьведчаць аб тым, што страты ў жывой сіле, артылерыі і тэхніцы ў баях за Бахмут, імаверна, абмежавалі здольнасьць групоўкі завяршыць атачэньне Бахмута або заваяваць значную тэрыторыю ў баях за гарадзкія раёны. Расейскім сілам, хутчэй за ўсё, давядзецца вылучыць значныя рэзэрвы», — мяркуюць яны.
«Расейскія войскі не вядуць актыўных або пасьпяховых наступальных дзеяньняў на іншых кірунках фронту, і паколькі тэмпы дзеяньняў уздоўж важных участкаў фронту запавольваюцца, украінскія войскі, імаверна, маюць больш магчымасьцей аднавіць ініцыятыву», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.
У брытанскай выведцы патлумачылі, чаму ў Расеі павялічыліся страты
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі таксама адзначылі зьмяншэньне колькасьці расейскіх спробаў штурмаваць горад Вуглядар у Данецкай вобласьці.
«Адным з фактараў вялікіх страт Расеі ў гэтым сэктары стала пасьпяховае прыняцьце Украінай на ўзбраеньне дыстанцыйных супрацьбранявых мінных сыстэм (RААМ). RААМ — гэта спэцыяльны артылерыйскі снарад, які расьсейвае супрацьбранявыя міны на адлегласьць да 17 кілямэтраў», — мяркуюць брытанскія выведнікі.
Паводле іх, у некаторых выпадках Украіна запускала гэтыя снарады адначасова перад і расейскімі падразьдзеламі, і за імі, што выклікала хаос, калі расейскія сілы спрабавалі адступаць.
«Адзіны прыкметны апошні тактычны посьпех Расеі быў дасягнуты ў Бахмуцкім сэктары, дзе дамінуюць сілы наймітаў „Вагнэра“, якія зараз знаходзяцца ў публічным канфлікце з расейскім Міністэрствам абароны», — адзначылі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
Украіна і Расея заявілі аб наступальных апэрацыях
Паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, за апошнія содні Расея страціла яшчэ 1040 сваіх вайскоўцаў пры атацы адразу на некалькіх кірунках фронту — на бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім. На запароскім і херсонскім кірунку расейцы вядуць абарону.
Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што ўкраінская армія панесла вялікія страты пад Мар’інкай. З паведамленьняў расейскага Мінабароны вынікае, што ўкраінскія войскі атакавалі расейцаў пад Ліманам, але яны нібыта вымушаныя былі адыйсьці на свае ранейшыя пазыцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.