Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: справу былога журналіста Яўгена Меркіса перадаюць для разгляду ў суд

абноўлена

Яўген Меркіс у судзе, архіўнае фота 2017 году
Яўген Меркіс у судзе, архіўнае фота 2017 году

Свабодзе стала вядома, што скончылася сьледзтва па крымінальнай справе, распачатай у дачыненьні да былога журналіста Яўгена Меркіса.

13 сакавіка справу перадаюць пракурору для накіраваньня ў суд. Дата разгляду справы пакуль не вядомая.

Гісторык і краязнаўца, былы журналіст Яўген Меркіс быў затрыманы 13 верасьня 2022 году. Па месцы ягонага жыхарства правялі вобшук. Таксама вобшукі прайшлі ў бацькі Яўгена і ў ягоных сяброў і сябровак. Ад моманту затрыманьня ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3.

Яўгена Меркіса абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4), яму пагражае ад 2 да 6 год зьняволеньня.

Праваабаронцы прызналі Яўгена палітвязьнем.

Намесьніка дырэктара Менскага роварнага таварыства Максіма Пучынскага асудзілі да «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 9 сакавіка вынесьлі прысуд палітзьняволенаму намесьніку дырэктара Менскага роварнага таварыства Максіму Пучынскаму, абвінавачанаму ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх», даведалася «Вясна».

Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Максіма Пучынскага затрымалі 29 лістапада 2022 года на працы, потым яго павезьлі на ператрус ў кватэру, дзе канфіскавалі тэлефон і ноўтбук.

Максім спачатку атрымаў 11 дзён адміністрацыйнага арышту, пасьля яго перавялі ў СІЗА-1 Менску па крымінальнай справе за ўдзел у пасьлявыбарчай акцыі пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Абвінавачаньне запрасіла для Пучынскага два з паловай гады «хатняй хіміі». Суд прызнаў Пучынскага вінаватым і прызначыў яму дакладна столькі: два з паловай гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Максіма вызвалілі з-пад варты ў залі суда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG