Нядаўна трапілася на вочы вось такая кніга. На вокладцы пазначаныя назва «Вянок Свабоды» і лэйбл вядомага радыё. Імя аўтара на гэтай вокладцы няма. Часу гартаць кнігу бракавала, і я папрасіла ў сябра, у якога і заінтрыгавалася ёю, узяць незнаёмку на пару дзён з сабою.
Аказалася ў выніку, што, каб прачытаць, мне хапіла і пару гадзінаў, бо адарвацца было немагчыма. А вось каб адчуць, перадумаць, уцяміць, і тыдня замала было. Але што паробіш – сябра ад’яжджаў у іншую краіну і запатрабаваў кнігу вярнуць. Таму разумею, што ўражаньні мае будуць куртатыя, але, выбачайце, усё роўна не магу не падзяліцца імі.
А раптам некаму яшчэ заманецца ўбрацца ў «Вянок Свабоды»?
Чатырнаццаць суквецьцяў
Іх тут чатырнаццаць, гэтых кветак у «Вянку». Дакладней, суквецьцяў чатырнаццаць. А ў кожным па некалькі кветак. І разам усіх – дзевяноста. Столькі за дваццаць гадоў вырасла на ўрадлівым полі, якое называецца «Бібліятэка Свабоды». Дзевяноста кветак «Вянка…» – гэта дзевяноста ўступаў, прадмоваў да кніг унікальнага ў сваім родзе кветніка Свабоды.
Дзівіцца на іх, як на мяне, можна з трох прычынаў.
Каб набрацца розуму.
Каб улагодзіць сэрца.
Каб наталіць душу.
Каб набрацца розуму
Кастусь Каліноўскі, Васіль Быкаў, Сьвятлана Алексіевіч, Алесь Бяляцкі, Юры Бандажэўскі, Анатоль Лябедзька, Юры Дракахруст, Ганна Соусь, Валер Каліноўскі, Алена Струвэ, Алег Грузьдзіловіч, Аляксей Знаткевіч, Аляксандар Уліцёнак, Дзьмітры Гурневіч, Валянцін Жданко, Сяргеі – Навумчык, Дубавец, Абламейка, Шупа...
Словы пра іх і іхныя кнігі нечаканыя, як гром зь яснага неба. Мудрыя, як Веташковыя аксіёмы. Дакладныя, як Маладзіковыя эвангельлі. Іх можна тасаваць адвольна па розных суквецьцях/разьдзелах – розуму чытача яны дасягнуць з-за любое перабойкі.
Каб улагодзіць сэрца
Магчыма, нечае сэрца ўлагодзяць іншыя словы кнігі пра кнігі, а маё надта ж усьцешылі тыя, зь якіх аўтары паўстаюць вернымі вернікамі аднойчы выбранае веры.
Івонка Сурвіла, Галіна Руднік, Пётра Садоўскі, Зьміцер Бартосік, Вячаслаў Ракіцкі, Міхась Скобла, Сяргей Астраўцоў, Вінцэсь Мудроў...
Іхныя кнігі я ўжо спрабавала знайсьці, ды дзе там? Даўно няма ні ў якіх засеках. Зрэшты, можа, вам больш пашчасьціць і вашае сэрца ўлагодзіцца ня толькі выкшталцонымі прадстаўленьнямі кніг гэтых аўтараў, але і ўласна самімі іхнымі кнігамі.
Каб наталіць душу
Першая кветка «Вянка» зацьвіла ў 2002-м. І называлася яна «Верш на Свабоду». Беларусь – краіна паэтаў, нават калі яны пішуць бяз рыфмы, рытму, знакаў прыпынку і ўвогуле ня пішуць, а толькі сьпяваюць свае вершы.
Вера Рыч, Рыгор Барадулін, Юрась Бушлякоў, Уладзімер Арлоў, Вінцук Вячорка, Лявон Вольскі, Альгерд Бахарэвіч, Ян Максімюк, Алесь Пілецкі...
Бібліятэкар Свабоды
Аляксандар Лукашук называе сябе ў гэтай кнізе бібліятэкарам Свабоды.
Магчыма, несьвядома, а магчыма, і наўмысна робячы адсылку да славутага аргентынца. Бібліятэкар Хорхе Люіс Борхес пачынаў зь вершаў, пазьней пераключыўся на эсэістыку, а потым на фантазійную прозу.
У «Бібліятэцы Свабоды» выйшлі дзьве зусім не фантазійныя кнігі Аляксандра Лукашука. «Прыгоды АРА ў Беларусі» і «Сьлед матылька» – дакумэнтальная проза, аўтарскі стыль якое паэтычны. І кожнае прадстаўленьне кніг «Бібліятэкі Свабоды» – вершы чыстай красы. Нават калі гэта напісана аб кнігах пра гвалт, палон, тэрор, беларускую гнятлівую штодзённасьць.
Першай гіне граматыка:
Усё адбываецца бяз косак, бяз кропак,
без двукосьсяў.
Скончыўся ўмоўны лад: ня можа быць,
а будзе ці не.
Назоўнікі агаліліся:
Ня ўлада, а акупацыя, ня суд, а расправа,
ня вязень, а палонны.
Зьніклі паўцені, зьявіліся колеры:
Кожны аркуш белы, кожны радок чырвоны.
Такая вайна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.