Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянт адвёў убок і сказаў: „Лепш едзьце адсюль“». Гісторыя Вольгі Сьцепаненкі, якой амапаўцы пашкодзілі руку


Вольга Сьцепаненка
Вольга Сьцепаненка

Ампутацыя фалянгі пальца, 15 дзён на Акрэсьціна і велізарны стрэс — такія «падарункі» атрымала Вольга Сьцепаненка на свой дзень народзінаў, калі ў ноч з 5 на 6 лістапада АМАП учыніў аблаву ў сталічным клюбе Hide.

Расказваем гісторыю мянчанкі , якая апынулася «ня ў тым месцы і ня ў той час».

«Пэўна, амапавец наступіў на палец берцам»

Той дзень народзінаў 5 лістапада пачаўся для мянчанкі Вольгі Сьцепаненкі цудоўна. Дзяўчына схадзіла на ёгу, сустрэлася зь сястрой, зь сяброўкамі, дзяўчаты папілі гарбаткі. А ўвечары Вольга зь сяброўкай вырашылі пайсьці ў клюб.

«Клюб быў цалкам запоўнены людзьмі. Я была з краю натоўпу — якраз у тым месцы, адкуль уся гэта навала ўварвалася. Спачатку ніхто нічога не зразумеў, бо вельмі гучна грала музыка. Я пачула грукат, крыкі — у клюб уварвалася шмат здаравенных мужчын у чорным, зь ліхтарамі на галовах. Яны запаланілі ўсю прастору, пачалі крычаць, каб выключылі музыку і каб усе клаліся тварам у падлогу. У мяне быў шок.

Я толькі памятаю, што ў мяне былі такія думкі: „Мне ўжо 27, я так пасталела, а тут такія маладыя людзі, што ў іхных галовах? І наагул, што тут адбываецца?“. Мне здавалася, што адбываецца нейкі сюр. Ніхто ж на тусоўцы не чакае АМАПу, гвалту.

Я бачу, што ў мяне няма пазногця і кроў. А сам момант пашкоджаньня пальца ня памятаю. Пэўна, амапавец наступіў на палец берцам. Дзяўчына, якая ляжыць побач, пытаецца, што са мной. Амапавец раве: „Ляжаць!“» — успамінае Вольга той жудасны для яе вечар.

Пашкоджаны палец Вольгі Сьцепаненкі
Пашкоджаны палец Вольгі Сьцепаненкі

Паколькі было вельмі шмат крыві, Вользе дазволілі ўстаць і адысьці крыху ўбок. Дзяўчына, якая апынулася побач, загадала зьняць майку, заматала ёй руку. Дзяўчаты выйшлі на ганак, выклікалі «хуткую». Падышоў адзін з амапаўцаў, запісаў на відэа імя, прозьвішча, адрас, дзе жыве Вольга. Яе павезьлі ў 6-ю лякарню.

«Мне ампутавалі пазногцевую фалянгу пальца, загіпсавалі руку. Зроблена гэта было максымальна безасабова. Доктар пытаецца: „Афармляем як крымінал?“ Я адказваю: „Ня ведаю. А што вы мне параіце?“ А дзяўчына, якая мяне прымала, кажа, што яна ўжо ўсё аформіла, бо я сказала, што гэта адбылося ў клюбе, калі ўварваўся АМАП», — расказала дзяўчына.

«Ты думаеш, што гэта АМАП зрабіў? Ты сама магла пашкодзіць палец»

У шпіталь па Вольгу прыехала сястра, яны паехалі дадому. Там дзяўчына паспрабавала заснуць. Пачуўся грукат у дзьверы, за імі было двое: адзін у цывільным, другі ў міліцэйскай форме. Вольга падумала: будуць разьбірацца, што адбылося. А ёй загадалі хутчэй зьбірацца: маўляў, трэба тэрмінова праехаць у РУУС. Паабяцалі даставіць і назад дадому, былі ветлівыя, добразычлівыя.

«Як толькі селі ў машыну, атмасфэра зьмянілася. „Давай тэлефон“. Мой тэлефон быў па цяперашніх мерках абсалютна чысты, не было ніякіх падпісак на тэлеграм-каналы, ніякіх камэнтароў. Той, хто аглядаў тэлефон, падышоў да нейкага начальніка і расчаравана кажа: „У тэлефоне нічога няма“.

Атмасфэра ў РУУСе — проста жах: смурод, хтосьці крычыць: „Выпусьціце мяне!“ Я больш за суткі ня спала, стомленая. Прыходзіць дзяўчына і кажа, што ў мяне адміністрацыйка і ёй трэба апісаць мае рэчы. Я кажу: „У сэнсе? Якая адміністрацыйка?“ Заходзяць двое, адзін зь іх кіраваў „апэрацыяй“ у клюбе: „Ты думаеш, што гэта АМАП зрабіў? Ты сама магла пашкодзіць палец“...

Мне гэта ўсё надакучыла, я ня спала, стамілася, мне і фізычна, і псыхалягічна дрэнна было пасьля ампутацыі фалянгі... Кажу: „Давайце я ўжо пайду дадому. Я ня маю ніякіх прэтэнзій“. А супрацоўнік кажа: „У любым выпадку мне трэба паехаць у клюб і паглядзець запісы з камэр відэаназіраньня, каб разабрацца“».

Вольга кажа, што тады зразумела: гэта зойме ня менш за 2–3 гадзіны, і ёй давядзецца сядзець у пастарунку.

«У пастарунку крычала, не падпарадкоўвалася, на заўвагі не рэагавала»

У выніку дзяўчыну, па яе словах, зьмясьцілі ў «малпоўнік», дзе ўжо знаходзіліся некалькі дзяўчат з клюбу. Прыйшоў супрацоўнік Сьледчага камітэту і паведаміў, што з шпіталя прыйшла папера, паводле якой у дачыненьні да Вольгі быў крымінал з боку АМАПу.

«Сьледчы шалее ад таго, што я не магу ўцямна адказаць, як гэта адбылося. Я ўжо гатовая ад усіх прэтэнзій адмовіцца... Міліцыянт паказвае мне пратакол: адміністрацыйнае правапарушэньне, артыкул 19.1, дробнае хуліганства. Нібыта я ў пастарунку крычала, не падпарадкоўвалася, на заўвагі не рэагавала. Гэта ўсё гучала і на судзе: што я хуліганіла менавіта ў Ленінскім РУУСе. А як я там апынулася, гэта нікога не цікавіла. Я абурылася, бо гэта няпраўда. Напісала пад пратаколам, што нязгодная. Проста нейкі сюр!» — успамінае Вольга.

Пасьля Вользе Сьцепаненцы на рукі начапілі кайданкі, пасадзілі ў «стакан» у аўтазаку і павезьлі на Акрэсьціна ў ІЧУ. У камэры там было два ложкі, але знаходзілася ў ёй больш за 10 чалавек.

«Дзяўчаты саступілі мне верхнія нары, каб ніхто не зачапіў маю руку (я расказала, што са мной адбылося). У мяне перад вачыма стаіць карцінка: я зьверху бачу, як дзяўчаты кладуцца на падлогу, як рыбкі ў бляшанцы кансэрваў.

На наступны дзень нас павялі на суд. Доўгі калідор, з аднаго боку стаяць алькаголікі, бяздомнікі, хуліганы — па іх выглядзе гэта відавочна. А з другога боку тры маладыя дзяўчыны з клюбу, прыгожа ўбраныя. Адзін зь міліцыянтаў дасьціпнічае: „Дзяўчаты, а што вы тут робіце? Вы любіце экстрым?“ А потым дадае: „Ну зразумела, вы ня ў добрым сьпісе“».

Вольгу асудзілі адной зь першых. І далі больш за ўсіх — 15 дзён арышту.

«Вы тут, каб пакутаваць»

Свой тэрмін яна адбывала ў ЦІПе. У камэры было 14 чалавек. Спачатку матрацы і коўдры былі, але іх хутка забралі: маўляў, дзяўчаты правініліся, бо на коўдрах сядзелі ўдзень, расказвае Вольга.

«Нашай камэры адзін з самых жорсткіх вертухаяў сказаў: „Вы тут, каб пакутаваць“. Забралі коўдры, матрацы, не выключалі сьвятло, былі праверкі ўначы. Супрацоўнікі Акрэсьціна пастаянна лаюцца матам. Калі я сядзела, думала: „Як добра, што паміж вамі і мной ёсьць сьцяна і дзьверы“. Публіка ў камэры розная. Была дзяўчына па трэцім кругу: яна не пасьпявае выйсьці з Акрэсьціна, а ёй — пакет на галаву і зноў 15 сутак. Была дзяўчына, якую забралі з унівэрсытэту: нібыта яна данаціла на полк Каліноўскага. А яна наагул ня ведае, што гэта такое. Заўсёды была парачка бяздомнікаў. Але гэта таксама цікавыя добрыя людзі, і клясна, што яны былі там. Бо калі б адны палітычныя, дах паехаў бы. Была дзяўчына Сьвета, якая ніколі не маўчала, несла штосьці са сваёй званіцы. Мы яе звалі „Радыё Сьвета“. Калі яна замаўкала, мы зноў паглыбляліся кожная ў гэтую рэчаіснасьць, і было цяжка», — успамінае Вольга 15 дзён адседкі.

«Доктарка кажа: „Мы перавязак ня робім“. І зачыняе „кармушку“»

У даведцы з шпіталя напісалі, што Вользе неабходна праверыць статус прышчэпкі ад слупняку, але гэтага ніхто не зрабіў. Адразу пасьля шпіталя яна купіла антыбіётыкі і ўзяла іх з сабой, бо цягам двух-трох дзён сваякі наагул не маглі знайсьці яе.

«Мне ў аўторак трэба было рабіць перавязку. Калі быў мэдычны абход, я кажу доктарцы, што ў мяне была ампутацыя фалянгі, неабходная перавязка. Доктарка адказвае: „Мы перавязак ня робім“. І зачыняе „кармушку“. Мы потым зь дзяўчатамі ў камэры абураліся: навошта ты выбіраеш прафэсію доктара, калі так абыякава ставісься да людзей?» — успамінае дзяўчына.

Па словах былой зьняволенай, сукамэрніцы стукалі ў кармушку, прасілі даць ім перавязачны матэрыял, каб можна было самастойна рабіць Вользе перавязкі. Доктарка ў выніку перадала кавалак ваты, на які пырснула некалькі кропляў перакісу вадароду.

«Лепей едзьце адсюль. Цяпер усе запісы зь відэакамэр апрацоўваюцца, твары распазнаюцца»

Вольга выйшла з Акрэсьціна праз 15 дзён, купіла новы тэлефон, уставіла новую SIM-карту, набытую на імя іншага чалавека. Зьехала з кватэры, дзе раней жыла. Пасьля вырашыла падавацца на гуманітарную візу адной з краін Эўразьвязу. Празь некалькі дзён ёй пазванілі. Вольга кажа, што была перакананая, што гэта зь візавага цэнтру, бо больш нікому не давала новага нумару тэлефона.

«Чую мужчынскі голас: „Крымінальны вышук Рэспублікі Беларусь. Трэба сустрэцца“. У мяне ўсё апусьцілася. Я кажу, што зараз не магу, я занятая. „Я ведаю, дзе вы цяпер“, і называе раён, дзе я знаходжуся. У Ленінскім РУУС мяне сустракае чалавек, паказвае крымінальную справу, дзе я пацярпелая. Пытаецца, ці знаю я дзяўчыну, якая мне дапамагла ў клюбе. Адказваю: „Не“. „А вы ведаеце, што яна грамадзянка Нямеччыны?“. Ён кажа, што мая справа дайшла да нейкіх высокіх міліцэйскіх генэралаў, і ўсе „сцыкаюцца“... Пытаецца, ці будзем разьбірацца. Я кажу: „Ніякіх прэтэнзій у мяне няма“. Ён запісвае гэта на відэа. А потым адводзіць мяне ўбок і ціхенька раіць: „Лепей едзьце адсюль. Цяпер усе запісы зь відэакамэр апрацоўваюцца, твары распазнаюцца, людзей знаходзяць“. А ў мяне быў пратакол у 2020 годзе, тады абышлося штрафам», — уздыхае Вольга.

Дзяўчына прызнаецца, што калі выйшла пасьля арышту, яшчэ спрабавала ўгаворваць сябе: усё будзе добра, трэба жыць далей, усё ў краіне працуе. Але ўсё ж такі вырашыла, што лепей выехаць, чым сесьці. У студзені яна прыехала ў Варшаву, цяпер шукае працу. Пошукі ідуць няпроста. У Беларусі Вольга вучылася на філязофскім факультэце, працавала ў маркетынгу, была рамесьніцай.

«Цяпер усё трэба пачынаць з пачатку. Ці цяжка мне? Мне здаецца, цяжка ў Беларусі. Турма на Акрэсьціна — гэта проста нейкі жах. Цябе саджаюць, хлусяць, адмаўляюць у мэдычнай дапамозе. Рэальна вось мой выпадак — у чым я вінаватая? Людзі ўжо забыліся пра мары 2020 году. Гэтыя мары разьбіліся. І ніхто ўжо нікуды ня выйдзе. Хтосьці выехаў, хтосьці на „хіміі“. А за год усе астатнія пасядзяць, шмат каго вылічаць і пасадзяць», — па-філязофску разважае Вольга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG