Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі пра прысуд Бяляцкаму і вясноўцам: У Лукашэнкі нічога ня выйдзе. Іх заклік да свабоды гучыць гучна нават з турмы


Жазэп Барэль
Жазэп Барэль

Прысуд праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Дзьмітрыю Салаўёву і Ўладзіміру Лабковічу вынесены «па сфабрыкаваных і палітычна матываваных абвінавачаньнях», заявіў віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль.

«Эўрапейскі Зьвяз самым рашучым чынам асуджае фіктыўны судовы працэс, які зьяўляецца яшчэ адным жахлівым прыкладам таго, як рэжым Лукашэнкі спрабуе прымусіць замаўчаць людзей, якія выступаюць у абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі. Але ў Лукашэнкі нічога ня выйдзе. Іх заклік да свабоды гучыць гучна нават з турмы», — гаворыцца ў заяве Барэля.

ЭЗ зноў заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня палітвязьняў у Беларусі (1.458 на 3 сакавіка), якіх «жорстка перасьледавалі за тое, што яны адважыліся выступіць супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, за непрыманьне вайны Расеі супраць Украіны і ролі Беларусі ў гэтай агрэсіі»

«ЭЗ гатовы рэагаваць на рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека з боку рэжыму ў дачыненьні да свайго насельніцтва, — падкрэсьліваецца ў заяве. — ЭЗ будзе і надалей падтрымліваць усіх, хто адважна імкнецца да сувэрэннай, свабоднай, дэмакратычнай, бясьпечнай і квітнеючай Беларусі».

XS
SM
MD
LG