Выданьне «Зеркало» спытала ў кіраўніка ініцыятывы былых сілавікоў Аляксандра Азарава, ці ёсьць у ініцыятывы доказы дывэрсіі і чаму ByPol не апублікаваў відэа падрыву. На гэта Азараў адказаў, што яны «пакуль захоўваюць інтрыгу» і што «ўсяму свой час».
«Мы так вырашылі. Тое, што там [у Мачулішчах] нешта было, гэта відаць зь першых самых дзён. Нават калі б мы не заяўлялі. Узмацненьне на мяжы, узброеныя патрулі, чулі выбухі — самыя першыя былі паведамленьні ад людзей, якія ў Мачулішчах пражывалі.
Потым вось вам відэа, што там дроны ляталі, садзіліся на дах [самалёта]. І няма ніякай аховы. Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ нічога не камэнтавалі тры дні цэлыя — гэта само за сябе гаворыць. Праводзілі паседжаньні сілавікоў у панядзелак. Лукашэнка ўсіх зьбіраў і крычаў, што трэба навесьці жорсткую дысцыпліну», — сказаў Азараў.
Таксама ён адзначыў, што пра выбухі ў выніку дзеяньня дронаў напісалі расейскія вайсковыя тэлеграм-каналы, а беларускія сілавікі шукаюць чалавека «за асабліва цяжкае злачынства ў Мачулішчах».
«Паводле апэратыўных зводак, пра якія нам паведамілі знутры, знайшлі торбу з двума пультамі ад двух дронаў, акулярамі і запчасткамі ад дронаў. Усё Міністэрства ўнутраных спраў ведае, што быў падрыў на самалёце, і шукае тых, хто гэта зьдзейсьніў», — сказаў Азараў і дадаў, што пра гэта яму паведамілі «тыя, хто яшчэ служыць».
На пытаньне журналістаў, ці дапускае ён, што інфармацыя пра падрыў самалёта можа быць непраўдзівай, Азараў адназначна адказаў «не», а на пытаньне пра тое, як ByPol правяраў гэту інфармацыю, адказаў: «Мы працуем зь людзьмі. Але пра гэта мы нічога казаць ня будзем».
Камэнтуючы ўзьлёт расейскага самалёта А-50 з аэрадрому ў Мачулішчах пасьля меркаванай дывэрсіі, Азараў таксама дадаў, што «сэнс дывэрсіі быў у тым, каб пашкодзіць абсталяваньне, а ня ў тым, каб пашкодзіць самалёт, каб ён ня мог узьляцець».
«Гэты самалёт вельмі вялікі, каб яго пашкодзіць, трэба, я ня ведаю, зь мінамёта ці гарматы страляць. А маленькія дроны, якія прадаюцца ў крамах, ня могуць яго моцна пашкодзіць», — сказаў ён.
- 26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.
- Група ByPol паведаміла аб двух выбухах і пашкоджаньні пярэдняй і сярэдняй частак А-50, а таксама антэны радара. Паводле ByPol, удзельнікі пляну «Перамога» выкарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нёс 200 грамаў выбуховага рэчыва ў тратылавым эквіваленце. Скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны.
- Увечары 1 сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паказалі відэа з самалётам А-50, сьцьвярджаючы, што ён не пашкоджаны. На ім самалёт рухаецца ў цемры па засьнежанай бэтоннай паверхі аэрадрому.
- 2 сакавіка праект «Беларускі Гаюн» паведаіў, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 вылецеў у Расею.
- Роля самалёта А-50 — стварэньне пазнавальнай карціны паветранай абстаноўкі і забесьпячэньне каардынацыі дзеяньняў зьнішчальнікаў.
- Нягледзячы на тое, што пашкоджаньні афіцыйна не пацьверджаныя, брытанская выведка адзначае, што страта А-50 была б значнай для РФ, бо самалёт мае вырашальнае значэньне для расейскіх паветраных апэрацый у стварэньні карціны паветранай прасторы.