Паводле дадзеных Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, выкіды CO2 за год вырасьлі на 0,9% і склалі 36,8 гігатоны (адна гігатона роўная масе 200 мільёнаў сланоў сярэдняй вагі — столькі сланоў на Зямлі няма).
Выкіды вуглякіслага газу ад спальваньня нафтапрадуктаў вырасьлі на 2,5% за год, прычым прыкладна палова гэтага росту прыпала на авіяцыйны сэктар.
Ад спальваньня вугалю выкіды павялічыліся на 1,6%. Многія краіны — і ў Азіі, і ў Эўропе — вымушана павялічылі спажываньне, здабычу і імпарт вугалю праз цэны на прыродны газ, якія падвысіліся пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Экстрэмальныя ўмовы надвор’я таксама спрыяюць павелічэньню выкідаў вуглякіслага газу. Засухі скарачаюць колькасьць вады, неабходнай для гідраэлектрастанцыяў, у сьпякоту павялічваецца попыт на электраэнэргію для астуджэньня.
Пакуль старшыня міжнароднай групы Global Carbon Project называе рост выкідаў «правалам», Міжнароднае энэргетычнае агенцтва адзначае, што ён «лепшы, чым прагназавалася». Дзякуючы выкарыстаньню сонечнай энэргіі, энэргіі ветру і пераходу на электрамабілі ўдалося пазьбегнуць выкіду яшчэ 550 мільёнаў тонаў вуглякіслага газу ў атмасфэру.
- Вуглякіслы газ — адзін з парніковых газаў, якія ўплываюць на пацяпленьне клімату, якое ў сваю чаргу прыводзіць да пачашчэньня і ўзмацненьня прыродных катаклізмаў, ад якіх пакутуюць людзі і жывёлы.