Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 10 гадоў зьняволеньня. Суд пакараў нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і вясноўцаў


Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч у судзе. Менск, 5 студзеня 2023 году
Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч у судзе. Менск, 5 студзеня 2023 году

3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны».

Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:

  • Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
  • Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
  • Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
  • Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.

Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Алесь Бяляцкі ў судзе. Менск, 5 студзеня 2023
Алесь Бяляцкі ў судзе. Менск, 5 студзеня 2023

Таксама судзьдзя Марына Запасьнік пастанавіла спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў ЗША) якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай злачыннай групай». Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачваньні.

Улічваючы штраф, агулам з праваабаронцаў хочуць спагнаць 1 270 438 рублёў і 62 капейкі, гэта амаль 450.000 даляраў ЗША.

На абвяшчэнне прысуду ў судовую залю прывялі, імаверна, курсантаў Акадэміі МУС, якія занялі амаль усе месцы, піша «Вясна». Падчас прысуду рукі «вясноўцаў» былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі.

Разгляд крымінальнай справы праходзіў судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімір Лабковіч не прызналі сваёй віны цалкам.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.

Рэакцыя на суд праваабаронцаў

2 сакавіка, напярэдадні вынясеньня прысуду ў справе «Вясны», 21 міжнародная арганізацыя падпісала заяву, у якой рашуча асуджаюць крымінальны перасьлед Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча і паўтараюць свой заклік да беларускіх уладаў вызваліць іх неадкладна і безумоўна, зьняць зь іх усе абвінавачаньні і спыніць судовы перасьлед усіх праваабаронцаў у краіне.

У заяве адзначаецца, што Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча перасьледуюць за правядзеньне законнай праваабарончай дзейнасьці, а сам судовы працэс над імі і папярэдні пэрыяд расьсьледаваньня суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі правоў чалавека і стандартаў справядлівага судовага разбору.

«Пазыцыя пракуратуры ў справе нашых сяброў і калегаў зьяўляецца ўвасабленьнем усёдазволенасьці беларускіх уладаў. Драконаўскія тэрміны турэмнага зьняволеньня і штрафы нават па жахлівых стандартах глыбока скампрамэтаванай беларускай судовай сыстэмы зьяўляюцца цяжкім выпрабаваньнем для абвінавачаных і іх сем’яў», — сказаў Павал Сапелка, выканаўца абавязкаў сябра праўленьня «Вясны».

Як праходзіў суд

На судзе праваабаронцаў «Вясны» ўтрымлівалі ў залі суду ў клетцы ў кайданках, а хадайніцтва Стэфановіча зьняць зь іх кайданкі судзьдзя разглядаць ня стала.

На момант пачатку судовых слуханьняў у справе «Вясны» ў Беларусі не засталося фізычнай прысутнасьці незалежных журналістаў, значную частку грамадзкіх дзеячаў выцесьнілі з краіны. На судзе прысутнічалі толькі дзяржаўныя мэдыя.

На ўваходзе ў будынак суду два супрацоўнікі міліцыі запісвалі тых, хто прыйшоў на пасяджэньне ў «справе Вясны», пазначаючы іх поўнае імя, дату нараджэньня і грамадзянства (у іншыя дні такіх захадаў бясьпекі ў будынку суду няма).

Перад уваходам у залю прысутных разам з адвакатамі вымушалі праходзіць праз мэталічную рамку, пасьля — праз працэдуру асабістага вобшуку. Сакратар судовага пасяджэньня таксама вёў сьпіс прысутных, расказаў «Вясьне» адзін з прысутных на судзе.

Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і судовай клетцы і ў кайданках. Менск, 5 студзеня 2023
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і судовай клетцы і ў кайданках. Менск, 5 студзеня 2023
  • Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.
  • Іх затрымалі 14 ліпеня 2021 году праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). У верасьні 2022 году справа паводле гэтага артыкулу была спыненая, але праваабаронцам выставілі абвінавачаньне паводле двух новых артыкулаў (арт. 228 і 342 КК).
  • Крымінальная справа праваабаронцаў складаецца з 284 тамоў. Кожны том зьмяшчае каля 300 старонак дакумэнтаў. Палітзьняволеным вясноўцам далі ўсяго месяц на азнаямленьне з 284 тамамі матэрыяў справы, а гэта значыць, што абвінавачаныя павінны былі чытаць больш як 9 тамоў, ці 2700 старонак, за дзень.
  • У справе праходзілі каля 100 сьведак, у межах крымінальнай справы правялі 120 ператрусаў.
  • Праваабаронцаў абвінавачвалі ў атрыманьні на свае замежныя рахункі буйной сумы грошай, якую яны выкарыстоўвалі ў «злачынных» мэтах, у тым ліку для дапамогі затрыманым пасьля дэманстрацый пратэсту, аплаты паслуг адвакатаў, арганізацыі незалежнага маніторынгу выбараў і працягу дзейнасьці «Вясны» пасьля яе ліквідацыі. Іншымі словамі, праваабаронцаў абвінавачваюць у ажыцьцяўленьні праваабарончай дзейнасьці.
Алесь Бяляцкі ў судовай клетцы. Менск, 5 студзеня 2023
Алесь Бяляцкі ў судовай клетцы. Менск, 5 студзеня 2023
  • Мытнікі заявілі, што нібыта з 2011 па 2021 год «у інтарэсах „Вясны“» ў Беларусь было ўвезена 2 мільёны даляраў. Крымінальная адказнасьць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкляраваньня была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты пэрыяд. «Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачваньне будзе пацьвярджаць іх», — пісала «Вясна».
  • Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH) апублікавала артыкул, у якім тлумачыць, чаму абвінавачаньні супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча зьяўляюцца лжывымі.
  • 7 кастрычніка 2022 году Алесь Бяляцкі разам з праваабарончымі арганізацыямі «Мемориал» (Расея) і «Центр громадянських свобод» (Украіна) быў абвешчаны ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG