Нашыя героі — гэта мэдык, якая засталася ва Ўкраіне, каб лячыць байцоў; айцішнік, які вылецеў зь Беларусі амаль першым рэйсам; шматдзетная маці, якая чарговы раз уцякала зь дзецьмі — ад вайны; жыхаркі рэгіёну побач з Украінай; мянчанка, якая валянтэрыць у Львове; жыхар памежжа, які зарабляе на паездках за мяжу; палітык, які наладжвае адносіны паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Імёны суразмоўцаў, якія застаюцца ў Беларусі, зьмененыя дзеля іхняй бясьпекі.
«Мы жартавалі, што людзі хочуць наседзецца ў кавярнях на выпадак, калі пачнецца вайна»
Тэма вайны вісела летась у паветры, яе абмяркоўвалі бадай усе, але мала хто верыў, што яна сапраўды здарыцца. Ранкам 24 лютага выходзілі запозьненыя сюжэты, дзе людзі адказвалі, што, на іхную думку, вайны ня будзе.
«У апошні дзень перад вайной мне званіла беларуская журналістка і пыталася, ці вераць беларусы ва Ўкраіне, што пачнецца вайна. Я сказала, што ня будзе ніякай вайны. Мне было вельмі сьмешна чытаць публікацыю, калі мы 24 лютага хадзілі і шукалі бомбасховішча», — расказвае шматдзетная маці Надзея, якая тады жыла ў Кіеве.
Увечары 23 лютага яна пайшла зь сяброўкай у тэатар. І нават калі ёй прыйшло SMS пра камэнданцкі час, яны з мужам вырашылі, што для іх амаль нічога ня зьменіцца.
«Я запісалася на курс Digital Art, таму амаль усю ноч з 23 на 24 лютага малявала. Лягла спаць хвілін за 40 да першых выбухаў», — расказвае парамэдык палка Каліноўскага Анастасія «Север» Махамет, якая тады жыла ў Браварах пад Кіевам.
Мянчанка Аліна, якая 24 лютага 2022 год жыла ў Львове, успамінае, што перад вайной заўжды было шмат людзей у кавярнях.
«Мы жартавалі, што людзі хочуць наседзецца ў кавярнях, наесьціся добрай ежы, напіцца добрага піва на выпадак, калі пачнецца вайна», — кажа яна.
Сама Аліна зь сябрамі 23 лютага да ночы піла віно і гуляла па горадзе.
«Я прачнулася ад першых выбухаў»
Калі вечар 23 лютага памяталі ня ўсе нашыя апытаныя, то ранак 24 лютага ніхто ня можа забыць. Навіна пра вайну стала першай для большасьці людзей у той дзень.
«Я прачнулася ад першых выбухаў. Падумала, што мне, пэўна, здалося. Вельмі дзіўна было разумець, што гэта такое, бо ўжывую ніколі нічога падобнага я ня чула. Першая думка: я гэта прысьніла. Ты ўжо ляжыш з расплюшчанымі вачыма і чуеш чарговы прылёт. Не, не здалося», — успамінае Анастасія Махамет.
Ірына з Гомля даведалася пра поўнамаштабнае ўварваньне толькі па дарозе на працу.
«Памятаю, як дрыжаў голас вядоўцы, які цытаваў Пуціна пра пачатак „спэцапэрацыі“. Было чуваць, што яму вельмі страшна і ён вельмі хвалюецца», — успамінае яна.
Юрась з Горадні зразумеў, што пачалася вайна, калі пазванілі сябры і запыталіся, ці яны ўсё яшчэ могуць аддаць яму пазыку ў рублях, а не ў далярах (курс даляра 24 лютага вырас. — РС).
Аліна са Львова ранкам убачыла шмат паведамленьняў у тэлефоне. Але пра тое, што адбылося, яна здагадалася толькі па адным слове ў SMS — «вырадак». Сярод лістоў ёй была прапанова выяжджаць, але яна пражыла на той момант ва Ўкраіне ўжо больш за год і вырашыла застацца.
«У мяне не было ўсьведамленьня, што адбываецца. Паўгадзіны я насілася па кватэры і не магла зразумець, куды бегчы, куды тэлефанаваць, што я магу зрабіць для кагосьці яшчэ. Я зразумела, што едуць людзі з Кіева, зрабіла допіс, што калі хтосьці будзе ў Львове, то я, чым змагу, дапамагу», — успамінае суразмоўца.
Потым яе кватэра стала прытулкам для шматлікіх уцекачоў і гасьцей. Аліна пляла маскавальныя сеткі і рабіла акопныя сьвечкі. Цяпер займаецца арганізацыяй дабрачынных культурных мерапрыемстваў, падчас якіх зьбіраюць грошы для ўкраінскіх вайскоўцаў і на іншыя патрэбы.
Надзею раздражняў гук шматлікіх паведамленьняў рана ранкам, пакуль яна не зразумела, чаму ёй пішуць.
«Мы не разумелі, што азначае „пачалася вайна“», — кажа яна.
Сям’я Надзеі зь дзецьмі правяла першыя дні перад эвакуацыяй у бамбасховішчы.
«У бамбасховішчы было шмат людзей, дзетак, жывёлаў — і поўная цішыня. Гэта было вельмі дзіўна. Падобнае мы бачылі яшчэ раз, калі ехалі ў эвакуацыйным аўтобусе. Я тлумачу гэта шокам», — кажа яна.
«Ведаю людзей, якія плацілі $1000, каб вылецець кудысьці»
Што стала самай знакавай падзеяй, якая падзяліла год на «да» і «пасьля»? Для многіх гэта быў уласна пачатак поўнамаштабнага ўварваньня.
«Вайна падзяліла ня толькі год, яна падзяліла жыцьцё на „да“ і „пасьля“», — кажа валянтэрка Аліна са Львова.
Падобна думае і жыхарка Гомля Валерыя.
«Позна ўвечары ў сакавіку ўбачыла ў краме расейскіх салдатаў. Адзін зь іх быў нецьвярозы і паводзіў сябе пахабна, казаў, якія прыгожыя ў Беларусі дзяўчаты. Мне было страшна. Прыйшлі думкі, што, магчыма, гэта тыя самыя салдаты, якія нядаўна былі ў Бучы. Ішла дадому і плакала. Пасьля іхнага адступленьня ўвесну яны выклікалі агіду. Яны былі брудныя, абарваныя, адзетыя не па форме», — успамінае Валерыя.
Айцішнік Васіль, калі зьявіліся чуткі пра імаверную мабілізацыю і забарону на выезд мужчын зь Беларусі, выехаў зь Менску. Гэта стала для яго пераломным момантам.
«25 лютага я з адной валізкай сеў на цягнік да Масквы, адтуль вылецеў у Тбілісі праз Стамбул. Ведаю людзей, якія плацілі $1000, каб вылецець кудысьці. Мне пашанцавала, я купіў білет за $700», — прызнаецца ён.
Для прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародных справах Валера Кавалеўскага важнымі сталі геапалітычныя зьмены. За год ён шэсьць разоў езьдзіў ва Ўкраіну па працы. Дыплямат расказаў, што даволі страшна было ехаць у Кіеў празь месяц пасьля поўнамаштабнага ўварваньня. На вакзале купіць квіткі было немагчыма. Цягнікі езьдзілі не па раскладзе. У іх ноччу не гарэла сьвятло.
«Прыехаў эвакуацыйны цягнік з Кіева ў Львоў. Малодшы праваднік узяў з нас невялікія грошы гатоўкай. Пасьля прыйшоў старшы праваднік, спытаўся, куды мы едзем, якія мэты, і сказаў нам: „Мы бы хацелі перавесьці вас у першую клясу. Я хачу, каб вы ведалі: мы лічым беларусаў сваімі братамі“. І яны аддалі нам гэтыя грошы за праезд. Гэта было вельмі кранальна», — успамінае Валер Кавалеўскі.
«Шмат „ватнікаў“ выявілася сярод тых, хто супраць Лукашэнкі»
Для кагосьці за гэты год памянялася літаральна ўсё.
«Памянялася ўсё: прыярытэты, каштоўнасьці, атачэньне. Некаторых людзей мне давялося выкінуць з свайго кола. Раней мне ўдавалася закрываць вочы на розьніцу ў нашых палітычных поглядах, цяпер я так не магу... Стала больш практычнай. Калі нешта купляю, гляджу, ці сапраўды мне гэта патрэбна», — кажа Аліна са Львова.
У пачатку вайны сваякі з Масквы прапанавалі ёй пажыць у іх дзеля ейнай бясьпекі. Аліна адрэагавала на гэта нэрвовым сьмяшком. На некалькі тыдняў яна нават заблякавала ва ўсіх мэсэнджарах сваю маці, якая заставалася ў Беларусі і пачала трансьляваць прапагандысцкія наратывы.
«Я сказала: „Мама, як са мной нешта здарыцца, не зьдзіўляйся, калі выявіцца, што зьнішчальнікі вылецелі з бабруйскага аэрапорту“», — пераказвае размову Аліна.
У Ірыны з Гомля памянялася стаўленьне да расейцаў.
«Я ня ведала, што гэтыя людзі здольныя да такіх зьверстваў. Памянялася і стаўленьне да суайчыньнікаў. Вельмі шмат „ватнікаў“ выявілася, як гэта ні жахліва, прычым сярод тых, хто супраць Лукашэнкі (але за Пуціна). Я не магу гэтага зразумець», — кажа яна.
У Валерыі з Гомля зьявілася «больш трывогі і менш упэўненасьці, што не давядзецца раптам сарвацца і зьехаць».
Як ні дзіўна, галоўным набыткам Надзеі за год стала адчуваньне свабоды, бо яна незадоўга да 24 лютага выехала зь Беларусі ва Ўкраіну. Самай істотнай зьменай у жыцьці парамэдыка «Север» стаў сабака Шэры, якога камандзір дазволіў ёй узяць шчанюком. Яму яшчэ няма году. Анастасія хоча зрабіць зь яго пошукавага сабаку.
У працы Валера Кавалеўскага дадалася яшчэ адна задача.
«Цяпер нашая праца скіраваная на вырашэньне дзьвюх надзвычай сур’ёзных праблем: крызіс у Беларусі, рэпрэсіі, палітвязьні, але таксама мы мусім дбаць пра захаваньне нашай незалежнасьці. Два экзыстэнцыяльныя выклікі», — кажа ён.
«Ты страчваеш чалавека, зь якім учора піў гарбату і еў печыва»
Сваімі галоўнымі стратамі за год беларусы называлі перш за ўсё людзей, але таксама страту ілюзій, страту Расеі і Ўкраіны, у пэўным сэнсе.
Самым вялікай стратай для вайсковага мэдыка Анастасіі Махамет стала сьмерць ейнага камандзіра Івана «Брэста» Марчука. Дзяўчына прызнаецца, што зьніклыя бязь зьвестак яшчэ горш за забітых. Некалькі тыдняў не было вядома, ці ваяры ацалелі ў баі, — пакуль расейскія каналы не паказалі іх нежывымі.
«Гэта страшны набор пачуцьцяў. У выпадку з Ванем ты страчваеш і камандзіра, і сябра, і паплечніка, і чалавека, зь якім ты ўчора піў гарбату і еў печыва, і вы жартавалі пра нейкую лухту. Ты хочаш верыць, што, магчыма, нейкім цудам яны жывыя. Ты перабіраеш усе варыянты і гатовы верыць, што іх забраў НЛА», — дзеліцца Анастасія.
Пасьля сьмерці «Брэста» дзяўчына вырашыла, што застанецца ў войску да перамогі, хоць да таго вагалася.
«У мяне зьявілася канчатковае, абсалютнае, беспаваротнае рашэньне, што я тут буду да канца дзеля людзей, якія ўжо ніколі ня вернуцца. Я больш не магу разьвярнуцца і пайсьці», — кажа яна.
Галоўнай стратай для дыплямата Валера Кавалеўскага стала сьмерць 97-гадовай бабулі, якая яго гадавала, і немагчымасьць зь ёй разьвітацца з прычыны палітычных рэпрэсій у Беларусі.
«Гэтую страту мне яшчэ трэба будзе правільна перажыць. Мне важна было б наведаць і сваю вёску (Беражное Столінскага раёну на Берасьцейшчыне. — РС), і магілу, бо гэта неад’емная частка майго жыцьця, маёй асобы. Гэтая страта і немагчымасьць наведаць магілу бабулі застаецца штодзённым адчуваньнем. Гэта можна будзе выправіць, толькі калі я вярнуся дадому», — кажа Валер.
Гамяльчанка Ірына страціла былое стаўленьне да Расеі.
«Я зразумела, што не змагу туды паехаць, прынамсі да канца пуцінскага рэжыму, хаця ў мяне там шмат сяброў», — кажа яна.
Гамяльчанка Валерыя шкадуе, што ў найбліжэйшы час ня здолее паехаць ва Ўкраіну.
«Страта пачуцьця бясьпекі, якое я знайшла ва Ўкраіне. Адчуваньне, што, як было раней, ужо ня будзе. Страта нармальнага жыцьця», — пералічвае свае страты Аліна.
Надзея страціла ілюзію, што вайна сёньня ня можа быць такой жорсткай, як пра яе пісалі ў кніжках. Гэта адбылося, калі выявілі зьверствы ў Бучы.
«Ты пачынаеш разумець, што няма нічога важнейшага за жыцьцё»
Год вайны дазволіў пераасэнсаваць ранейшы досьвед. Некаторыя важныя раней рэчы адышлі на другі плян, іншыя аказаліся недаацэненымі ў мірным жыцьці.
Аліна адкрыла, што чалавек можа прыстасавацца да чаго заўгодна («і да турмы, і да вайны»), а таксама, што яна вельмі любіць электрычнасьць. У Львове рэгулярна адключаюць сьвятло, як і па ўсёй Украіне.
Надзея, якой давялося ўцякаць другі раз разам зь дзецьмі, зразумела, што чалавеку дастаткова малой колькасьці рэчаў.
Айцішнік Васіль урэшце зразумеў, чаму амэрыканцы так лёгка пераяжджаюць у іншы горад або штат, калі знаходзяць там працу.
Гарадзенец Юрась асэнсаваў, што вайна або рэвалюцыя — гэта пачатак новага. Прыкладам, у тым, што вайна заахвоціла ўкраінцаў «украінцамі звацца» і ўсё больш беларусаў пераходзяць на беларускую мову.
«Ты пачынаеш разумець, што няма нічога важнейшага за жыцьцё. Усё, калі гэта ня „дзьвесьце“ (абазначэньне памерлага вайскоўца. — РС), вырашым, усё прыдумаем. Пакуль мы жывыя, можна выправіць наагул усё», — кажа Анастасія Махамет, якая бачыла на вайне шмат сьмерцяў.
«Найперш мяне падтрымлівалі самыя беларусы»
Падчас вайны нашых герояў найбольш падтрымлівалі блізкія, сябры, аднадумцы. Парамэдыка «Север» — ейная каманда «крутых і зараджаных людзей». Валянтэрку Аліну — думка, што яна робіць карысную справу, а яшчэ кот і сам горад Львоў. Верніцу Надзею падтрымлівала вера ў Бога. Айцішніку Васілю лягчэй перажыць эміграцыю дапамагалі думкі пра дзяцей, што ён зможа даць ім эўрапейскую адукацыю.
«Найперш мяне падтрымлівалі самыя беларусы, якія праяўляюць сябе выключным чынам у гэтых складаных абставінах. Вядома, і самыя ўкраінцы, якія штодзённа нас уражваюць сваёй мужнасьцю. Мяне таксама прыемна ўразілі заходнія краіны, якія рашыліся на такія сур’ёзныя, тэктанічныя зьмены ў сваёй замежнай палітыцы», — кажа Валер Кавалеўскі.
«Каб адбылася перамога»
Што датычыць сёньняшніх мараў, то яны падобныя ва ўсіх: перамога Ўкраіны ў вайне і вяртаньне ў Беларусь у тых, хто за мяжой.
«Я проста хачу дадому, у свабодны Менск, і пайсьці ў любімую кавярню каля дома папіць кавы з шакалядкай», — прызнаецца Анастасія Махамет.
«Я мару, каб збылося тое, што мусіць; тое, што задумана ў гэтым гістарычным пэрыядзе. Каб зло пакаралі, каб выявіліся патаемныя працэсы. Я хачу, каб надышла справядлівасьць, каб адбылася перамога», — кажа Надзея.