Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане і Казахстане адбыліся акцыі да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. ФОТА


Марат Турымбетаў ускладае кветкі да помніку Шаўчэнку ў Алматы
Марат Турымбетаў ускладае кветкі да помніку Шаўчэнку ў Алматы

У Алматы ўлады адхілялі заяўкі на мітынгі, у Бішкеку ёсьць затрыманьні.

У сталіцы Кіргізстану Бішкеку міліцыя затрымала семярых удзельнікаў акцыі да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміла праваабаронца Гульшайыр Абдырасулава.

«Іх затрымлівалі людзі ў цывільным, і ў іх канфіскавалі мабільныя тэлефоны. Міністар унутраных спраў, растлумачце, у нас цяпер што, нельга ўскладаць кветкі да помніка і выкарыстоўваць візуальныя атрыбуты?» — спытала яна.

Аб затрыманьні ўдзельнікаў акцыі кіргіскай службе Радыё Свабода паведаміў і грамадзянін Расеі Станіслаў Захаркін, які знаходзіцца ў Бішкеку. Яго сяброўка брала ўдзел у акцыі. Па яе словах, яны мусілі ўскласьці кветкі, але іх затрымалі і забралі мабільныя тэлефоны.

Затрыманыя знаходзяцца ў Першамайскім УУС Бішкеку. Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў журналістам паабяцалі пракамэнтаваць затрыманьне ўдзельнікаў акцыі пазьней.

24 лютага, у гадавіну пачатку вайны ва Ўкраіне, грамадзянскія актывісты ў сталіцы Казахстану Алматы ўсклалі кветкі да помніка Тараса Шаўчэнку ў знак падтрымкі ўкраінскага народу. Прысутныя выказалі сваё асуджэньне расейскай агрэсіі. Раней актывісты падавалі апавяшчэньне на правядзеньне мітынгу на гэтым месцы на гэты дзень, аднак мясцовыя ўлады не дазволілі яго.

Актывісты заявілі, што ўсё роўна зьбяруцца ў пятніцу да абеду. Прыходзіць да помніка людзі пачалі раніцай 24 лютага.

Ускласьці кветкі прыйшлі і грамадзянскія актывісты, і праваабаронцы. У навакольлі помніка стаялі супрацоўнікі паліцыі з аўтазакам.

«Летась мы падавалі разоў 40 апавяшчэньняў пра мітынг. Першы выступ я арганізаваў 6 сакавіка, гэта быў найбуйнейшы мітынг за ўсю гісторыю Казахстану. І гэты мітынг, відаць, напалохаў улады. Яны сказалі, што было да іх шмат прэтэнзіяў з боку Расеі, і з таго часу нам адмаўляюць. Вось апошні раз падалі на правядзеньне мірнага мітынгу на 24, 25, 26 лютага на любое вызначанае месца, але нам не дазволілі», — пракамэнтаваў для Радыё Азаттык адзін з тых, хто прыйшоў да помніка, актывіст Марат Турымбетаў.

Напярэдадні акімат Алматы адмовіў журналістцы і грамадзянскай актывістцы Інзе Іманбай ва ўзгадненьні пікету ў падтрымку Ўкраіны ў гадавіну расейскага вайсковага ўварваньня ў гэтую краіну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG