Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наўрад ці яны ўсіх знойдуць, або будуць старацца». Кіраўнік ByPol і дарадца Ціханоўскай раяць, як падрыхтавацца да візыту сілавікоў


Крысьціна Рыхтэр і Аляксандар Азараў. Каляж
Крысьціна Рыхтэр і Аляксандар Азараў. Каляж

Ці можна ў Беларусі прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, каго палічаць датычным да «экстрэмісцкай дзейнасьці», як заявіў генпракурор Андрэй Швед? Якія захады дзеля бясьпекі варта зрабіць людзям у Беларусі? Ці рэальна гэта — вылічыць і пакараць кожнага?

Абмяркоўваюць дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па аднаўленьні законнасьці і правапарадку, кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

Што азначае заява генпракурора пра намер прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто мае дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці»

Аляксандар Азараў:

  • Заява Шведа найбольш накіраваная на беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне, каб яны перасталі браць удзел у ініцыятывах недзяржаўных арганізацый, якія знаходзяцца за мяжой і працягваюць змагацца за правы беларусаў, каб у Беларусі была дэмакратыя. Людзей працягваюць запалохваць, як у 1930-я гады гэта рабіў Сталін.
  • У МУС існуе сыстэма, паводле якой кожны месяц, кожны год трэба больш і больш выяўляць злачынстваў. ГУБАЗіК і КДБ займаюцца барацьбой з «экстрэмістамі», і яны кожны год павінны выяўляць «экстрэмістаў» болей, чым іх было. Яны ня могуць спыніцца. У іх ёсьць база «Беспарадкі», у якую больш за 40 тысяч людзей унесена. Там тыя, каго затрымлівалі за ўдзел у пратэстах, хто праходзіў па крымінальных палітычных справах. Яны найперш адпрацоўваюць гэтых людзей. Знайсьці некалькі мільёнаў чалавек, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, вельмі цяжка. Калі чалавек ня браў з сабой свой тэлефон, насіў маску, на камэры ня трапіў, то яго вылічыць немагчыма. Наўрад ці яны ўсіх знойдуць, або будуць старацца і шукаць.

Крысьціна Рыхтэр:

  • Загад знайсьці і пакараць усіх выконваецца апошнія два з паловай гады. Людзей звальняюць з працы за подпіс за незалежнага кандыдата ці ўдзел у масавых акцыях. Цяпер людзей другім наваратам выклікаюць на допыты і пытаюцца, што яны рабілі ў 2020 годзе. Розныя ёсьць інструмэнты прыцягненьня да адказнасьці. Галоўная мэта — запалохаць людзей. Шмат дзеяньняў рэжым лічыць экстрэмісцкімі, таму магчымасьцяў у іх цяпер вельмі многа.
  • Прававыя нормы ў Беларусі не працуюць. У гэты пэрыяд амаль немагчыма прававымі мэтадамі аднавіць свае правы. Цяпер у Беларусі няма прававых мэханізмаў у выпадках, калі вас катуюць і вымушаюць нешта запісаць на відэа. У будучыні можа быць працэдура рэабілітацыі, якая можа палягаць ня толькі ў вызваленьні палітзьняволеных, але і ў тым, што людзі будуць адноўленыя ў сваіх правах, рэабілітаваныя, зь іх будзе зьнятая крымінальная і адміністрацыйная адказнасьць.

Якія захады варта зрабіць дзеля бясьпекі

Аляксандар Азараў:

  • Яны могуць злавіць любога чалавека і напісаць, што ён экстрэміст і ўдзельнічаў у пратэстах, і яшчэ прымусіць тое самае расказаць на камэру як доказ, хоць насамрэч чалавек гэтага не рабіў. Тое самае, як прымушаюць затрыманых казаць, што яны запісаліся ў плян «Перамога». Немагчыма выявіць, што чалавек запісаўся насамрэч...
  • Калі вы ў Беларусі і размаўляеце праз тэлефон, то павінны думаць, што тэлефон праслухоўваецца. І тады ня будзеце казаць лішняе праз гэты тэлефон, што можа быць выкарыстана так званымі праваахоўнымі органамі. У кватэры ня трэба трымаць тое, што супрацоўнікі могуць знайсьці пры ператрусе.
  • Трэба памятаць, што могуць прыйсьці ў любы момант (яна раніцай звычайна прыходзяць). І калі нешта ляжыць, яны гэта знойдуць і за гэта прыцягнуць да адказнасьці. Таксама парады па лічбавай бясьпецы: з мэсэнджараў трэба карыстацца толькі Telegram, Signal. WhatsApp і Viber не параіў бы карыстацца. Шмат інструкцый ёсьць розных у сеціве.
  • Прызнавацца ня трэба. Але ўсё залежыць ад чалавека. Калі катуюць, цяжка не прызнацца, усё залежыць ад сілы волі. Цяпер самае галоўнае, за што могуць прыцягнуць да адказнасьці, гэта прызнаньне. Часта яны самі нічога ня ведаюць, затрымліваюць чалавека, каб выцягнуць зь яго што-небудзь. Чалавек сам прызнаецца, і за гэта яго прыцягваюць, а таксама за тое, што знойдуць у тэлефоне.

Крысьціна Рыхтэр:

  • Я лічу, што кожнаму чалавеку ў Беларусі варта быць падрыхтаваным. Калі чалавек выйдзе ў бел-чырвона-белых шкарпэтках, гэта ўжо будзе трактавацца сілавікамі як нейкая экстрэмісцкая дзейнасьць. Мне падаецца, што ў Беларусі ўсе людзі ў небясьпецы. Было шмат выпадкаў, калі людзі лічылі, што яны ў бясьпецы, а да іх ці іх сваякоў прыходзілі сілавікі і выстаўлялі крымінальныя ці адміністрацыйныя абвінавачаньні. Ніхто цяпер не ў бясьпецы.
  • Людзі павінны разумець, што гэта сур’ёзныя парады па бясьпецы, што варта зьвярнуць увагу на інфармацыйную бясьпеку і інфармацыйную гігіену. Было шмат інфармацыі пра тое, што трэба зрабіць дома і ў сваіх тэлефонах. Але дагэтуль здараюцца выпадкі ў Беларусі, калі ў людзей знаходзяць фатаздымкі з маршаў, даўнія перапіскі, падпіскі на тэлеграм-каналы. Няўважлівасьць да такіх пытаньняў прыводзіць да таго, што людзей прыцягваюць да адказнасьці, або ім удаецца выехаць з краіны толькі праз складаныя высілкі. Варта да правілаў бясьпекі ставіцца сурʼёзна і быць да ўсяго падрыхтаваным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG