Так сказаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, адказваючы на пытаньне ўкраінскай журналісткі Натальлі Масейчук аб тым, ці рыхтуецца яго краіна да нападу з боку Беларусі, яго цытуе Zerkalo.
— Шчыра кажучы, мы ўжо гатовы чакаць ад беларускага боку чаго заўгодна. Гэта рэжым (Аляксандра Лукашэнка — рэдакцыя ), які мы фактычна не прызнаем у палітычным сэнсе. Мы лічым, што выбары былі сфальсыфікаваныя, што вынік абсалютна не адлюстроўвае таго, хто там сёньня ва ўладзе. Мы лічым, што там улада ўзурпіраваная і мы яе не прызнаем. Больш за тое, гэта ўлада, якая перасьледуе сваіх грамадзян — гэта не выклікае ні ў каго ніякіх сумневаў, — сказаў Анджэй Дуда.
Палітык нагадаў, што ў лютым беларускі суд прысудзіў да васьмі гадоў калёніі журналіста, чальца пазбаўленага рэгістрацыі беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута.
— Гэта відавочнае парушэньне ўсіх міжнародных нормаў, усіх прынцыпаў і відавочнае дэманстрацыя таго, што мы, па сутнасьці, маем справу з рэжымам, які кантралюе суды, дзе судовыя рашэньні прымаюцца па ўказцы ўладаў і дзе адбываецца вялікая несправядлівасьць у адносінах да звычайных грамадзян. Сёньня ўжо ні ў кога няма сумневаў у тым, што ў сучаснай Беларусі мы маем справу з рэжымам, ад якога дэ-факта можна чакаць чаго заўгодна. Так зараз выглядае Беларусь, — адказаў на пытаньне журналісткі польскі прэзыдэнт.
Анджэй Дуда таксама падкрэсьліў, што рэжым Лукашэнкі «гуляе ў сваю гульню» з Крамлём і спрабуе пазьбегнуць уцягваньня беларускай арміі ў разьвязаную Расеяй вайну супраць Украіны. На яго думку, удзел беларускіх вайскоўцаў у агрэсіі супраць Украіны, перш за ўсё, азначаў бы «гібель для многіх беларусаў, якія ня маюць баявога вопыту і дрэнна забясьпечаныя».