Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён вельмі мэтанакіраваны, валявы чалавек». Што вядома пра юрыста Аляксандра Капшуля, які 48 дзён галадае ў турме


Аляксандар Капшуль. Фота з суду. 9 лістапада 2022 году.
Аляксандар Капшуль. Фота з суду. 9 лістапада 2022 году.

У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада разглядаюць справу «Рабочага руху». Сярод фігурантаў — былы юрысконсульт заводу «Палімір» ААТ «Нафтан» Аляксандар Капшуль. Паразмаўлялі зь яго былым калегам.

Хто такі Аляксандар Капшуль

Цяпер Аляксандар Капшуль — абвінавачаны па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «здраду дзяржаве». Ён фігурант справы «Рабочага руху», прызнаны праваабаронцамі палітзьняволеным. Да 2021 году Аляксандар працаваў юрысконсультам заводу «Палімір» ААТ «Нафтан».

У сьнежні 2020 году Капшуль падтрымаў агульнанацыянальны страйк. У адмысловым звароце юрыст патлумачыў, што ня можа абыякава глядзець на сваволю, якая адбываецца ў краіне і на «Нафтане».

«Я, як і большасьць беларусаў, спрабаваў са жніўня 2020 мірна і ў рамках закону адстойваць свае правы, аднак мірнае выказваньне сваёй волі, звароты ў міліцыю і пракуратуру не далі эфэкту. Закон прымяняецца не для абароны народу як адзінай крыніцы ўлады, а для падаўленьня народу», — казаў у тым звароце Аляксандар.

У Капшуля вышэйшая адукацыя, ён скончыў БДУ па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права» з кваліфікацыяй «Юрыст-міжнароднік зь веданьнем замежных моў». Меў працоўны стаж 19 гадоў.

«Да 2020 году Аляксандар жыў звычайным жыцьцём: праца — сям’я. Ён захапляўся адпачынкам на лецішчы, вэнджаньнем мяса і рыбы, праводзіў час са сваімі дзецьмі на возеры ці ў басэйне, займаўся кампутарам», — расказаў Свабодзе ягоны былы калега, таксама Аляксандар.

Чаму затрымалі і ў чым абвінавацілі

Былы калега палітзьняволенага кажа, што Аляксандар — мэтанакіраваны, валявы чалавек.

«Ён, як і большасьць беларусаў, быў абураны фальсыфікацыямі і гвалтам над людзьмі. Да таго ж некаторыя ягоныя калегі сталі ўдзельнікамі фальсыфікацый на выбарах, што яго моцна раззлавала. Аляксандар як сапраўдны юрыст хацеў і патрабаваў выкананьня закону. Ён выдатна разумеў, што будзе з краінай, калі ня будуць выконвацца правы чалавека», — патлумачыў ягоны калега.

Суразмоўца дадае, што «паміж пасадай і заробкам, з аднаго боку, і праўдай і сумленьнем — з другога, ён выбраў апошняе».

Былы юрысконсульт «Нафтана» Аляксандар Капшуль. Архіўнае фота
Былы юрысконсульт «Нафтана» Аляксандар Капшуль. Архіўнае фота

«Аляксандар казаў, што ён змагаецца за будучыню сваіх дзяцей, за тое, каб яны жылі ў нармальнай, дэмакратычнай краіне. Быў упэўнены, што ў працоўных — вялікая патэнцыйная сіла, таму сам сышоў у страйк, і потым ужо зьявілася ініцыятыва „Рабочы рух“», — расказаў былы калега галадоўшчыка.

Аляксандра Капшуля затрымалі 25 верасьня 2021 году на тэрыторыі Расеі і перадалі супрацоўнікам беларускага КДБ.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у палітвязьня была зламаная нага і пашкоджаная рука. У цягніку «Варонеж — Масква» ў Аляксандра спраўдзілі дакумэнты супрацоўнікі ФСБ. Ён зразумеў, што па прыезьдзе ў расейскую сталіцу яго затрымаюць, і на хаду выскачыў зь цягніка. Аляксандар зламаў нагу і вывіхнуў руку, але змог дабрацца да мяжы з Украінай. Расейска-ўкраінскую мяжу ён вырашыў прайсьці легальна. На памежным пункце яго зноў затрымалі, пасьля супрацоўнікі ФСБ вывезьлі Аляксандра ў Беларусь і перадалі супрацоўнікам КДБ.

«Патрабуе выкананьня правілаў утрыманьня арыштаваных»

Суд па справе «Рабочага руху» ідзе з 9 лістапада 2022 году ў Гомельскім абласным судзе. Фігуранты справы — адразу 10 палітвязьняў: Аляксандар Капшуль, Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька.

Усіх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Палітвязьням пагражае да 15 гадоў калёніі. Паводле словаў былога калегі, галадоўку Аляксандар абвясьціў 31 сьнежня 2022 году. Першыя некалькі дзён яна была сухая. Трымае галадоўку ён і па сёньня, але ўжывае сухое і згушчанае малако, какаву, каб арганізм зусім не аслаб. З 10 лютага ён у карцары.

«Аляксандар патрабуе, каб усё, што прапісана ў заканадаўстве адносна правілаў утрыманьня арыштаваных, выконвалася. Каб іх правы выконваліся — усе, да дробязяў. Напрыклад, арыштаваны мае права карыстацца платнай пральняй у горадзе, але гэта не дазваляюць рабіць. Але калі так напісана, то такая магчымасьць мусіць быць. Аляксандар вельмі начытаны, мудры чалавек, у яго выдатнае пачуцьцё гумару, ён можа адстаяць сваю пазыцыю, выкарыстоўваючы бясспрэчныя аргумэнты, факты і доказы», — кажа ягоны былы калега.

Цяпер у Аляксандра, як і ў большасьці палітвязьняў, абмежаванае права на перапіску. «Лісты ад яго — рэдкасьць нават родным людзям. Тое, што яму „шыюць“ здраду дзяржаве, што ён нешта там нібыта перадаў замежным спэцслужбам — гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці», — дадаў былы калега.

17 лютага ў справе «Рабочага руху» можа быць абвешчаны прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG