Пытаньне аб Менскіх пагадненьнях задаў Суркову палітоляг Аляксей Часнакоў, які раней нярэдка публікаваў меркаваньні Суркова па тых ці іншых пытаньнях. Суркоў на пытаньне адказаў коратка: «Не».
На тры іншыя пытаньні Часнакова Суркоў адказаў «Так». Станоўчыя адказы ён даў на пытаньні аб тым, ці задаволены ён тым, як зьмяніліся межы Расеі (маецца на ўвазе не прызнаная міжнароднай супольнасьцю анэксія чатырох абласьцей Украіны), ці лічыць ён эфэктыўнымі дзеяньні расейскай арміі і ці нармалізуюцца ў агляднай будучыні адносіны Расеі і Захаду.
Суркоў, у мінулым намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта РФ па ўнутранай палітыцы, быў памочнікам Уладзіміра Пуціна з 2013 году. У гэтай якасьці ён удзельнічаў і ў перамовах у Менску ў 2015 годзе, калі былі падпісаныя так і не рэалізаваныя пагадненьні аб урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе, таксама ўдзельнічаў у Кантактнай групе па мірным урэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. У адстаўку Суркоў быў адпраўлены ў лютым 2020 году, з таго часу ён не займае дзяржаўных пасад. За некалькі дзён да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ён апублікаваў артыкул, у якім ужо ў найбліжэйшай будучыні прадказаў магчымасьць «кантактнай геапалітыкі», пад якой меліся на ўвазе збройныя канфлікты і зьмяненьне межаў дзяржаў сілай. Распачатую вайну ён да апошняга моманту публічна не камэнтаваў.
- Афіцыйная Масква раней абвінавачвала ўдзельнікаў Менскіх пагадненьняў — Украіну, Нямеччыну і Францыю — у тым, што яны ня мелі намеру выконваць гэтыя пагадненьні і, па сутнасьці, падманулі Пуціна. Пры гэтым расейскія прадстаўнікі, уключаючы самога Пуціна, сьцьвярджалі, што былыя лідэры краінаў Захаду, такія як Ангела Мэркель і Барыс Джонсан, самі ў гэтым прызналіся. Яны, аднак, казалі толькі пра тое, што за час, які мінуў з моманту заключэньня пагадненьняў, Украіна змагла стаць мацнейшаю, але не заяўлялі, што расейскі лідэр быў сьвядома ашуканы. Словы Суркова могуць сьведчыць пра тое, што першапачаткова ў посьпех пагадненьняў ня верылі ў самой Маскве.
- Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у чацьвер заявіў, што Расея «зыходзіла зь неабходнасьці выканаць Менскія пагадненьні».
- Камэнтатары таксама зьвярнулі ўвагу на форму адказаў Суркова. Чатыры словы «Так. Так. Не. Так» — гэта формула, па якой прыхільнікі прэзыдэнта Барыса Ельцына заклікалі грамадзян адказваць на пытаньні рэфэрэндуму ў красавіку 1993 году аб даверы прэзыдэнту, яго палітыцы і неабходнасьці датэрміновых выбараў прэзыдэнта і народных дэпутатаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.